Навіны

Мікалай Статкевіч пра падзеі дваццацігадовай даўніны

“Зараз пачалася яшчэ адна серыя юбілеяў падзей з майго мінулага. Пачалася з непрыемнага – на пазамінулым тыдні было 20 год майго звальнення з войска,” – узгадаў пра падзеі дваццацігадовай даўніны Мікалай Статкевіч ў лісце да жонкі.

Далей ён працягвае:

“Тады мусіў публічна выступіць супраць плануемага АДКБ, бо ў ім быў пункт аб узаемнай вайсковай дапамозе.

У той час якраз ішла бойня ў Таджыкістане і расійскія салдаты туды паехалі. Звольнілі мяне тады за тую заяву за тры дні з ганебнай фармулёўкай, не зважаючы на адсутнасць спагнанняў за ўвесь час афіцэрскай службы.  Звольнілі за месяц да плануемага прадстаўлення маёй доктарскай дысертацыі. Нават паспяшаліся знішчыць сакрэтную частку тае дысэртацыі. Але ж, звальненне з войска чалавека, які тое войска прыдумаў яшчэ пры Саветах, тады выклікала вялікі рэзананс. Быў нават мітынг у маю абарону. У выніку Вярхоўны Савет тую дамову ратыфікаваў, але выкінуў з яе пункт аб адпраўцы нашых салдат “на дапамогу”. Ужо 20 гадоў нашы хлопцы не адпраўляюцца ваяваць у “гарачыя кропкі”. Гэта непараўнальна важней за маю, хай і паспяховую, вайсковую і навуковую кар’еру. Праўда, зараз гэтыя КСОР падпісалі, хоць нафта і не каштуе крыві нашых салдатаў.

Радуе, што наступныя юбілеі ўжо не такія сумныя. У любым выпадку – для мяне.”