Задача на элементарную палітычную логіку…
«Напісаў лагічную задачу дастаткова абстрактную — краіна А, краіна Б і г.д.» — Мікалай Статкевіч у форме школьнай «задачкі» праілюстраваў сучасную эканамічную і палітычную сітуацыю ў Беларусі:
«Дадзена: Краіна А пастаўляе ў краіну Б вялікую колькасць (у некалькі разоў болей, чым трэба для сябе) таннай нафты. Краіна Б вырабляе з гэтай нафты і прадае ў краіну С па высокіх коштах вялікія аб’ёмы нафтапрадуктаў. Гэта дазваляе ёй кампенсаваць за кошт атрыманых звышдаходаў неэфектыўнасць сваёй нерэфармаванай эканомікі і адмаўляцца ад правядзення эканамічных і палітычных рэформ.
Але краіна А, карыстаючыся залежнасцю краіны Б ад яе таннай нафты, паступова забірае ў яе эканамічны, палітычны і вайсковы суверэнітэт.
Пытанне: Што можа зрабіць у межах умоў гэтай задачы краіна С, каб:
а) зменьшыць небяспечную для незалежнасці краіны Б яе нафтавую залежнасць ад краіны А;
б) стымуляваць краіну Б да правядзення неабходных ёй рэформ.
Калі «дзявочай» логікі для рашэння гэтай задачы не хопіць, то рэкамендую звярнуцца па дапамогу да такіх выбітных логікаў, як Мілінкевіч і Пазняк.»