Мікалай Статкевіч пра страйкі працоўных: Гэта толькі першыя сігналы

Лукашэнка баіцца, што сацыяльная эскалацыя можа перарасці ў палітычную.

Пра гэта ў інтэрв\’ю сайту Charter97.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, былы палітвязень Мікалай Статкевіч, каментуючы страйк працоўных у Менску.

– Цяпер усё часцей рабочыя ў Беларусі самаарганізоўваюцца і ладзяць страйкі. Напрыклад, учора стала вядома, што работнікі менскага прадпрыемства ў вытворчасці дзвярэй страйкуюць ужо некалькі дзён праз затрымку заробкаў. Як вы думаеце, ці можа іх пратэст перарасці ў палітычны?

– Калі ўзяць гісторыю, то ў розных краінах так і адбывалася. Людзі пачыналі з эканамічнага пратэсту, але неўзабаве разумелі, што дзяржава не здольная ім дапамагчы і тады пратэст перарастаў у палітычны. У нашым жа выпадку, беларусы першапачаткова не вераць уладам.

Напрыклад, у 2017 годзе лозунгі за скасаванне дэкрэта аб «дармаедах» прывялі да таго, што сярод былога, як той казаў, ядзернага электарату Лукашэнкі, пачалі гучаць палітычныя лозунгі пра ягоную адстаўку. Адзначу, што яны суправаджаліся эмацыйнай, ненарматыўнай лексікай.

Відавочна, сацыяльныя пратэсты ў Беларусі, якія цяпер успыхваюць – гэта яшчэ адно сведчанне таго, што краіна ўжо даўно пераспела да пераменаў. Людзі хочуць змены гэтай улады, годнага жыцця ў нармальнай краіне.

– Ці не нагадвае вам становішча працоўных цяпер сітуацыю ў пачатку 90-х, калі людзі засталіся без сродкаў да існавання і адзіным спосабам змяніць сітуацыю былі акцыі пратэсту? Напрыклад, у красавіку 1991 года ў Менску прайшоў адзін з самых масавых пратэстаў рабочых. Як вы думаеце, ці можа гісторыя паўтарыцца?

– Гісторыя паўтараецца, але па-рознаму. У тыя гады, нагадаю, была крыху іншая сітуацыя. Да масавых пратэстаў тады прывёў значны рост коштаў. У выніку, яны паўсталі ў момант і былі адразу ўражліва масавымі.

Цяпнер жа ўлада робіць тое ж самае, але больш плаўна. Яна ўлічыла ўрок.

Памятаю, як летась значна паднялі кошты бензіну – адразу на 5 адсоткаў і Лукашэнка сам выступіў і сказаў: «Што вы робіце? Бо можна ж маленькімі часткамі». І вось яны падвышаюць кошт паліва на капейку кожную нядзелю. Ведаеце, кажуць, што і жабу можна зварыць, калі павольна грэць ваду і яна не будзе выскокваць.

Відавочна, беларусаў ужо вельмі моцна прыціснула, пратэстны патэнцыял назапашваецца і нянавісць да рэжыму пачынае вельмі красамоўна праяўляцца. На мой погляд, бунты, што ўспыхвалі апошнім часам – толькі першыя сігналы і далей сітуацыя ў краіне будзе толькі разгарацца.

Не дарма гэты спадар ужо паспеў заявіць пра пачатак «палітычнага вэрхалу», які прадоўжыцца 1,5 года. Пад «вэрхалам» ён разумее барацьбу людзей за свае правы і загадзя гэтага баіцца. Ён ведае, што палепшыць жыццё беларусаў улада не зможа, а можа толькі пагоршыць, прадоўжыць рабаваць людзей.

Ён ужо загадзя прадказвае тое, чаго баіцца і спрабуе зганьбаваць людзей, якія змагаюцца за самае святое – за права на годнае жыццё, магчымасць утрымліваць сям\’ю, карміць дзяцей. Таму, так, гэта сігнал. У тым ліку і заявы дыктатара – таксама праява сігналу таго, што мы стаім на парозе сацыяльнай эскалацыі, якая можа перарасці ў палітычную.

– Лідар глабальнага прафзвязу IndustriAll Вальтэр Санчэс прапанаваў вярнуць Лукашэнку ў «чорны спіс». На ваш погляд, ці трэба ўвесці санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі?

– Я супраць санкцый у дачыненні да Беларусі, але мяркую, што міжнародная супольнасць проста абавязаная паставіць Лукашэнку і ягонае асяроддзе ў рамкі закона, зрабіць іх лузерамі. Я шчыра не разумею чыноўнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь і паводзяць сябе з гэтым спадаром, быццам бы з сапраўдным «прэзідэнтам».

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе адсутнічае штосьці нават падобнае на выбары, дзе пераследуюць апанентаў улады і забіваюць, саджаюць, выжываюць з краіны патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты.

Прэзідэнт – гэта чалавек, якога на сумленных выбарах абрала грамадства. А самазванец, які ператварыў выбары ў бескарысны рытуал – злачынец, бандыт. І з ім трэба сябе паводзіць, як з бандытам.

Хартыя97