Навіны

Мікалай Статкевіч пра турэмную краму: Згадаў у лісьце пра халву, дык халва зьнікла

Мікалай Статкевіч, якога ужо амаль тры гады пасьля шклоўскай калёніі трымаюць у магілёўскай крытай турме, пералічыў харчы, якія немагчыма набыць у турэмнай краме.

Падставай стаў ліст жонкі Марыны Адамовіч, якая падчас наведваньня турмы зайшла ў турэмны буфэт.

«Упершыню за гэтыя тры гады ўбачыла там абвестку на паперцы, што ў продажы ёсьць мясныя вырабы. Нейкая грудзінка, кілбаса. Я страшэнна абрадавалася, бо вырашыла, што гэта ж зьявілася і ў “атаварцы“, як вязьні называюць турэмную краму. Хоць там кошты шалёныя, але, думаю, ёсьць сама мажлівасьць неяк сапраўды падсілкавацца, мяса ці сала сабе дазволіць. Напісала пра гэта Мікалаю. А ён напісаў, што я памылілася. Што ніякай кілбасы там няма, як і садавіны альбо гародніны. Нават цыбулі зь вясны няма. Нават, напісаў, пасьля таго, як летам сказаў мне ня класьці ў бандэроль арэхі, бо тут ёсьць батончыкі з халвы, дык і тая халва адразу зьнікла».

Марына Адамовіч патлумачыла, што калі дасылае бандэроль, якая мусіць важыць ня больш за 2 кіляграмы, то ашчаджае на любой дробязі. Менавіта таму Мікалай Статкевіч аднойчы прапанаваў не ўкладаць, як звычайна, арэхі, бо ў турэмнай краме ёсьць у продажы халва ў батончыках, якая потым нечакана зьнікла.

Таксама ў гэтым лісьце Марыну Адамовіч зьдзівілі зьвесткі пра тое, што дагэтуль у краме магілёўскай турмы няма ніякай гародніны, уключна з цыбуляй. «Няма чаго потым зьдзіўляцца, што людзі зь беларускіх вязьніц вяртаюцца хворымі», — кажа Марына Адамовіч.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны за арганізацыю масавых забурэньняў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году на 6 гадоў зьняволеньня. Статкевіч — адзіны з кандыдатаў на прэзыдэнта, каго дагэтуль трымаюць у вязьніцы. Ён адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні, бо лічыць сябе невінаватым, а перасьлед тлумачыць помстай за жорсткую крытыку Аляксандра Лукашэнкі.

Радыё Свабода