Навіны

Марына Лобава: Прыйшлі халады, а турэмная вопратка сына — летняя

Меней за тры месяцы засталося знаходзіцца ў івацэвіцкай калёніі палітвязьню Эдуарду Лобаву, якога асудзілі на 4 гады зьняволеньня нібыта за бойку зь мінакамі.

Інцыдэнт адбыўся за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 сьнежня 2010 году. Маладафронтавец Эдуард Лобаў, як і ягоны сябар Зьміцер Дашкевіч, які таксама быў асуджаны па гэтым эпізодзе, лічаць, што гэта была правакацыя спэцслужбаў. Зьміцер Дашкевіч выйшаў на волю амаль год таму, Эдуард Лобаў даседжвае свой тэрмін.

Маці палітвязьня Марына Лобава непакоіцца за астатнія месяцы адседкі сына: каб не было правакацый, якія б затрымалі вызваленьне сына, і каб не прастыў у гэты халодны час.

«Сапраўды хвалююся за яго з прычыны, што гэтак рэзка пахаладала. Ён пісаў, што кожная зіма яму ўсё цяжэй даецца. А тут жа пакуль ацяпленьня няма, і ня хутка там ў калёніі яго ўключаць. Як бы не захварэў, не прастыў. Гэтым годам яму нічога зь цёплых рэчаў не дасылала, бо хутка ж яму выходзіць. Раней дасылала цёплыя рэчы. Тое цёплае адзеньне яны на лета здаюць, і вось ня ведаю, выдалі ўжо ім гэтае ўцяпленьне ці ня выдалі. Хутчэй за ўсё, не, бо звычайна цёплае выдаецца, як і ў войску пераходзяць на зімовую форму адзеньня. Вельмі непакоюся пра гэта».

У лістападзе Марына Лобава разьлічвае ўбачыць сына падчас кароткатэрміновага спатканьня і распытаць пра прычыны доўгага маўчаньня. Паводле жанчыны, ужо месяц ад сына няма лістоў і тэлефонных званкоў.

Радыё Свабода