Асабістая думка

Мікалай Статкевіч: Раней ці пазней прыйдзецца адказваць за сваю подласць.

Падонкі ва ўладзе чамусьці вельмі любяць рабіць подласці сваім апанентам менавіта пад святы.

Першы раз сутыкнуўся з гэтым аж на пачатку 90-х, калі кіраваў Беларускім Згуртаваннем Вайскоўцаў. Тады ў дзень маіх народзінаў на плошчы Незалежнасці падначаленыя Кебіча ўзарвалі сметніцу і абвінавацілі ў выбуху кіраўніцтва БЗВ. Праўда, пра абвінавачванне хутка прыйшлося забыць, бо высветлілася, што падчас выбуху ўся наша каманда была на пікніку з нагоды гэтага ж дня народзінаў. Адзін са нешматлікіх выпадкаў, калі сумеснае распіццё гарэлкі пайшло на карысць.

Скарыстоўваць навагоднія святы яны любяць асабліва. Напрыклад — перад Раством напачатку 2005 года «міністэрства юстыцыі» прыслала мне ліст з паведамленнем, што рэгістрацыя Народай Грамады перадаецца асобам, выключаным з нашай партыі за парушэнні статута. Такіх прыкладаў ведаю вельмі шмат.

Вось і зараз — кіраўніцтва МЗКТ учора спыніла кантракт з актывістам Народнай Грамады Сяргеем Спарышам. Сяргей працаваў на заводзе зваршчыкам. Ён затрымліваўся міліцыяй на Дні Волі 25 сакавіка і напярэдаlні «Марша абураных беларусаў» 21 кастрычніка. Яго ведаюць, як «чалавека з афіцыйным сцягам». Гэтым сцягам Сяргей прыводзіў у ступар «праваахоўнікаў» на акцыях пратэста. Але звольнілі яго за інтэрвью сайту «Хартыя-97» — «Рабочий МЗКТ: Чаша терпения народа переполнена». Пасля інтэрв\’ю яго выклікалі ў ідэалагічны аддзел і паведамілі, што кантракт з ім працягнуты не будзе. Перад гэтым яго асабістую справу прыязжалі глядзець з КГБ. І вось — кантракт спынілі перад святамі.

Але найбольш мярзотнымі мне падаюцца паводзіны «праваахоўнікаў» з Брэста. Сёння адзін з мясцовага следчага камітэта прыйшоў дахаты да абласного кіраўніка Народнай Грамады Наталлі Папковай і заявіў, што ёй трэба праз некалькі гадзін з\’явіцца на допыт. Бо нібыта адзін з абвінавачваемых за наркотыкі заявіў, што яна можа даць паказанні на яго карысць. Наталля таго чалавека не ведае, але справа не ў ім. Перакананы, што гэта традыцыйная «перадсвяточная» подласць, каб сапсаваць ёй свята і аказаць псіхалагічны ціск. Бо заўтра ў Наталлі дзень народзінаў.

Не магу зразумець падонкаў, якія займаюцца такімі гнюснасцямі. Яны што, спадзяюцца, што галоўны падонак будзе правіць вечна? Раней ці пазней прыйдзецца ж адказваць за сваю подласць. Няўжо не зразумела?

Мікалай Статкевіч                                                   22 снежня 2017 года

Facebook