Мікалай Статкевіч распавёў пра сваю паездку ў Анголу
Лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч наведаў Луанду, сталіцу Анголы, дзе праходзіла сустрэча Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу.
У свой час Мікалай Статкевіч узначальваў Сацыял-дэмакратычную партыю ў Беларусі, якая мела ў Сацінтэрне дарадчы голас.
«Кіраўніцтва Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу многае рабіла для майго вызвалення, – дзеліцца Статкевіч. – І рэзалюцыі прымалі, і генеральны сакратар Луіс Аяла, які сам за Піначэтам у чылійскай турме сядзеў, у Беларусь прыязджаў у 2011 годзе. Мне казалі, што Луіс нават выходзіў на Лукашэнку праз Ільхама Аліева. Таму калі Луіс патэлефанаваў і прапанаваў нам прыехаць, то я не мог не пагадзіцца.
Бянтэжыла не толькі адлегласць (дзень палёту), а ў больш – звесткі аб краіне. У Анголе 30 гадоў ішла вайна паміж прасавецкімі і празаходнімі групоўкамі. Першыя перамаглі. І ў выніку, у краіне ўжо 36 гадоў нязменны прэзідэнт. Ангола здабывае шмат нафты і алмазаў. Таму займае сярэдняе месца ў свеце паводле ўзроўню ВУП.
Але пры гэтым – першыя месцы паводле карупцыі і дзіцячай смяротнасці. Сярэдняя працягласць жыцця – 51 год.
Узнікла праблема маральнага характару – з інтэрнэту мы даведаліся, што ў чэрвені ў Луандзе былі арыштаваныя 15 маладзёнаў. За тое, што чыталі кнігу пра негвалтоўны супраціў. У лістападзе мусіў пачацца суд над імі. Дэманстрацыя ў іх абарону была забароненая.
Таму пасля слоў падзякі калегам за салідарнасць я павінен быў звярнуцца да ўладаў з просьбай аб вызваленні маладзёнаў. Рэакцыя на мой выступ прадстаўнікоў улады была вельмі негатыўнай. А прадстаўнікі партый суседніх краін потым не раз падыходзілі і дзякавалі «за праўду».
Адна дэталь: 80% пасажыраў самалёта з Луанды былі кітайскімі рабочымі. Гэта пры тым што ангольцы пакінулі ў мяне ўражанне працавітых і старанных людзей. Але, як я зразумеў, улады набралі кітайскіх крэдытаў. У выніку, у краіны – пазыкі, але няма працы для сваіх жа грамадзян», – распавёў Мікалай Статкевіч у інтэрв\’ю «Нашай Нiве».