Сёння ў Менску пройдзе «Марш студэнтаў»

Акцыя запланаваная на 13:50 і адбудзецца ля будынка адміністрацыі БДУ.

У большасці еўрапейскіх краін студэнты, мабыць адны з самых актыўных змагароў за свае правы, улады Беларусі ж сваіх студэнтаў пакуль не чуюць. Але тыя, упершыню за доўгія гады, спрабуюць давесці чыноўнікам – мы маем права на сваё меркаванне і вы павінны прыслухоўвацца. Сёння ў Менску пройдзе Марш студэнтаў, нязгодных з увядзеннем аплаты за пераздачы экзаменаў і залікаў. Галоўную акцыю запланавалі ля будынка адміністрацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Ісці ці не ісці на студэнцкі марш, наважылі пакуль не ўсе. Аднак пераважная большасць навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адкрыта выступае ў яго падтрымку.

«Платныя пераздачы не патрэбныя. Сумы, якія мы плацім за навучанне нібыта ўключаюць і пераздачы» – адзначае студэнтка.

Нагадаем, рознагалоссі паміж студэнтамі і адміністрацыяй БДУ пачаліся пасля таго, як у ВНУ агучылі планы ўвесці аплату за пераздачу залікаў і экзаменаў. Універсітэцкую моладзь абурыла такая перспектыва. Студэнты сабралі супраць новаўвядзенні больш за 2500 подпісаў, а ў сацсеткахпаўсталі пратэстныя групы. Яе ўдзельнікі паведамілі пра намер заявіць на ВНУ ў пракуратуру, калі аплата за пераздачы будзе ўведзеная.

Нягледзячы на пратэсты, 12 лістапада рэктар БДУ падпісаў палажэнне аб платных пераздачах.

У адказ актывісты запланавалі 2 снежня правесці ў Менску марш студэнтаў. Чакаецца, што да яго далучацца ад 300 да 500 чалавек. 26 лістапада на старонцы мерапрыемства з\’явілася завочнае запрашэнне на акцыю рэктара ВНУ.

«За апошнія 10 гадоў такога дакладна не адбывалася. Студэнцкі рух унутры ўніверсітэта быў у кволым стане. Студэнцкае самакіраванне было падкантрольнае. У прынцыпе гэта прэцэдэнт – распавядае Алесь Крот, прадстаўнік арганізацыі «Студэнцкая Рада». – Універсітэт спрабуе збіць студэнцкую актыўнасць. На колькі мне вядома, яны заўтра а 13 праводзяць мітынг ці сустрэчу ў процівагу таму, што запланавалі студэнты».

Сітуацыя з аплатай за пераздачу экзаменаў не новая ў Беларусі. Раней такое ўвялі ўжо іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Як правіла, гэтыя пастановы адміністрацыі прымалі без уліку магчымасцяў і меркаванняў саміх студэнтаў. Перакананы ў гэтым былы першы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і сябра Грамадскага Балонскага камітэта.

«Універсітэт гэта не рэктар. Гэта ўся акадэмічная супольнасць. Гэта выкладчыкі і студэнты. Пры такіх пастановах трэба прымаць розныя меркаванні» – кажа Уладзімір Дунаеў з Грамадскага Балонскага камітэта.

А для дзяржавы канфлікт са студэнтамі можа выліцца і ў міжнародныя наступствы. У прыватнасці, можа стварыць праблемы для функцыянавання Беларусі ў Балонскім працэсе – еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

«Ёсць дарожная карта, па якой Беларусь абавязалася рэалізаваць асноўныя акадэмічныя каштоўнасці, у тым ліку і ўдзел студэнтаў у кіраванні ВНУ. Калі Беларусь будзе так адкрыта парушаць свае абавязанні, не выключана, што будзе і нейкая рэакцыя Еўропы» – адзначае Уладзімір Дунаеў.

А таму сёння перад кіраўніцтвам універсітэта і ўсёй навуковай сістэмай Беларусі – сур\’ёзны іспыт. І пераздаць яго будзе надзвычай складана.