Мікалай Статкевіч: Спадзяюся, што калі-небудзь падрыхтаваны мной матэрыял стане асновай для крымінальнага абвінавачвання

Мікалай Статкевіч задакументаваў парушэнні заканадаўства ў ПК-17
і адмовіўся ад незаконнай працы па самаабслугоўванню.

Аб гэтым на сваёй старонцы ў ФБ
24 сакавіка паведаміла яго жонка Марына Адамовіч.

Марына напісала:

“Сёння Мікола (Мікалай Статкевіч, рэд.) адправіў трэцюю заяву ў Генпракуратуру і сказаў, што лічыць сваю задачу (якую сам сабе паставіў) – афіцыйна задакументаваць тое, што адбывалася і адбываецца ў ПК-17, – выкананай.

Другую задачу – не паддацца на правакацыі і прымусіць адміністрацыю выносіць яму спагнанні цалкам і відавочна незаконна […] ён лічыць выкананай таксама.

З гэтай нагоды сёння ён афіцыйна адмовіўся ад “працы па самаабслугоўванню”, то бок прыборкі пляца, якую лічыць цалкам незаконнай, і скарыстоўваў дагэтуль, як сродак для збора і падцверджання неабходнай інфармацыі для абвінавачвання…”

Тлумачэнні Марыны Адамовіч:

“Калі вы памятаеце, то з першага дня пасля этапу ў ПК-17 на Мікалая ўсчаўся ціск, як гэта было і тры гады таму. Было зразумела, што ў спакоі яго не пакінуць. Але ён вырашыў скарыстацца магчымасцю і “задакументаваць” тое, што адбывалася ў 2011 годзе і адбываецца ў ПК-17 у дачыненні да палітзняволеных.”

Вось што аб гэтым сказаў сам Мікола:

Учора я зрабіў заяву аб адмове ад так званай працы па самаабслугоўванню, бо яна праводзілася з парушэннем вызначанага законам правіла чарговасці і была, па сутнасці, формай здзеку.

Я не зрабіў гэтага раней толькі для таго, каб удакладніць, праверыць і афіцыйна задакументаваць у форме заяваў у Генеральную пракуратуру фактаў жорсткага абыходжання і катаванняў, якім падвяргаліся ў 2011 годзе палітвязні шклоўскай калоніі.

Я не маю ілюзій, што вінаватыя ў гэтым ўжо зараз могуць быць прыцягнутыя да адказнасці па “міжнароднаму” артыкулу 128 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Але гэты артыкул не мае тэрміну даўніны. І я спадзяюся, што калі-небудзь падрыхтаваны мной матэрыял стане асновай для крымінальнага абвінавачвання супраць злачынцаў у пагонах”.

Мікалай адправіў тры заявы ў Генеральную пракуратуру, у якіх выкладае факты незаконнага ўціску на сябе і іншых палітзняволеных. Кожная такая заява, як я разумею, прыводзіла да пэўных наступстваў для яго. Напрыклад, першая заява была адпраўлена адрасату, як паведаміў Мікалай, “з парушэннем устаноўленых тэрмінаў разоў у пяць”. Таму, разам з другой заявай ён напісаў і заяву начальніку калоніі з просьбай забяспчыць выкананне ўсталяваных законам тэрмінаў адпраўкі. Пра “зваротную рэакцыю” ён паведаміў у лісце ад чацвёртага сакавіка:

“Праз некалькі гадзін атрымаў “зваротную рэакцыю”. Прад абедам скончыў прыбіраць пляц калоніі на 15 хвілін раней графіку, бо снегу ж няма :), і пайшоў рыхтавацца да працы ў казарме атрада. Прыйшоў начальнік рэжымнага аддзелу і звінаваціў мяне ў “заўчасным сыходзе” і “неахайнай уборцы”. Пайшлі глядзець і ў адным з куткоў пляцу, які 5 хвілін таму быў чыстым, ён паказаў мне купку кавалачкаў разадранага стандартнага чыстага ліста паперы і пусты пачак з-пад цыгарэтаў на ёй.

У тлумачэнні я напісаў, што гэты прыём дастаткова часта скарыстоўваецца супраць “няўгодных” зэкаў. Дарэчы, ведаю некалькі аналагічных выпадкаў, і ва ўсіх іх у ролі “смецця” таксама выступалі шматкі чыстай белай паперы і пусты цыгарэтны пачак. Мажліва, у гэтым для іх ёсць нейкі сакральны сэнс? :)”

Ліст Мікалая Статкевіча

Яшчэ раней, паведаміла Марына Адамовіч, Мікалай Статкевіч пацягнуў спіну, кідаючы мокры снег. Стаў кульгаць і падцягваць нагу. Каб пазбегнуць дадатковай “увагі”, факт гэты не агалошваў. Але, як ні хаваў – пабачылі і адразу павялічылі плошчу прыборкі. “Раней пляц прыбіралі ўтрох, а зараз – я адзін. Схадзіў у медчастку, “прапісалі ўколы дыклафенака на 10 дзён. У вызваленні ад працы адмовілі. Нічога страшнага, для мяне галоўнае, што, як я і хацеў, не дачакаліся ад мяне адмовы і прымянілі незаконныя метады,” – напісаў палітвязень.

Да якіх наступстваў можа прывесці адмова ад працы, пакуль невядома.

—————-

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч быў асуджаны да 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У студзені 2012 года пакаранне было ўзмоцнена, ён быў дадаткова асуджаны да трох гадоў турмы.

12 студзеня 2015 года, пасля заканчэння трохгадовага турэмнага тэрміну, быў паўторна этапаваны ў ПК-17.