Мікалай Статкевіч: Супрацоўніцтва Захаду з Лукашэнкам – гэта здрада
Падстаў для кантактаў з рэжымам у еўрапейскіх дэмакратый няма.
Пра гэта адзін з лідараў апазіцыі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч заявіў БелаПАН 2 красавіка падчас наведвання Магілёва.
Паводле слоў Статкевіча, беларускія ўлады стварылі 2.400 няўрадавых арганізацый для атрымання грошай ад Захаду.«Добрую долю падтрымкі, якую меў няўрадавы дэмакратычны сектар беларускі, будуць мець так званыя дзяржаўныя-недзяржаўныя арганізацыі. І гэта рэаліі», – заявіў ён.
Палітык мяркуе, што Захад дзейнічае ў дачыненні да Беларусі па прынцыпе «абы ціха» – «няма вайны і добра». «І яны не ўспрымаюць аргументы, што гэта «абы ціха» ўсё роўна прывядзе да неціхага, бо краіна ідзе да драматычны падзей, а яны ў гэты час саслабляюць праеўрапейскія дэмакратычныя сілы», – лічыць ён.
Цяперашнюю «адлігу» ў стасунках паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам Статкевіч назваў «ударам па ідэалагічным падмурку дэмакратычных сілаў» з боку заходніх краін.
«Мы абапіраліся і апелявалі да ідэалаў свабоды і дэмакратыі. І цяпер краіны, якія ўвасабляюць гэтыя ідэалы свабоды і дэмакратыі, на практыцы ў вачах беларусаў раптам ідуць на кантакт з чалавекам, які супраць усяго гэтага змагаўся доўга і ўпарта. У дэмакратычным асяродку шмат кім гэта ўспрымаецца як здрада», – адзначыў ён.
Разам з тым такая сітуацыя, мяркуе Статкевіч, паставіла і беларускія ўлады ў новыя межы, якія перайшлі ад арыштаў да штрафаў. Пры гэтым ён заявіў, што не будзе іх аплачваць, каб паглядзець, як сябе павядзе ўладу ў гэтай сітуацыі.
«Бо для Захаду я і яшчэ некаторыя палітвязні – гэта тыя асобы, дзеля вызвалення якіх пайшлі на кантакт з Лукашэнкам. А калі цяпер зноў пачнуць арыштоўваць, то якая падстава для такіх кантактаў?» – кажа Статкевіч.
Ён упэўнены, што спыніць штрафы могуць толькі апазіцыйныя лідары, дзеянні супраць якіх будуць мець міжнародны рэзананс. «Спыніць жа яны могуць толькі адным – не плаціць», – заявіў Статкевіч.
Нагадаем, што ўчора Мікалай Статкевіч у Магілёве заявіў аб тым, што толькі аб\’яднаная апазіцыя зможа супрацьстаяць апалагетам «рускага свету».