Статкевіча будуць судзіць за акцыю на Дзень Волі
Цэнтральны суд Менска 8 красавіка будзе судзіць Мікалая Статкевіча за ўдзел ў акцыі з нагоды Дня Волі.
Палітыка выклікалі ў суд праз СМС. Камэнтуючы гэта для БелаПАН Мікалай Статкевіч адзначыў:
«Хакеры зусім зрабіліся нахабнымі, шлюць мне на тэлефон спам, я абураны іх дзеяньнямі. Чакаю, калі ў мяне арыштуюць тэлефонны рахунак, каб я перастаў атрымліваць іх паведамленьні. Праўда, адчуваю, гэта не здарыцца, таму што ім не будзе куды слаць мне спам». Паводле Статкевіча, дома ў яго стацыянарная тэлефонная сетка выкарыстоўваецца толькі для падключэньня да інтэрнэта, хоць яму прапаноўвалі «ўключыць тэлефон па прызначэньні».
Статкевіч падкрэсьліў, што на спам рэагаваць не будзе, не павядзецца «на гэту правакацыю».
«Сёньня ж 1 красавіка, гэта быў жарт», — адзначыў палітык. Таксама на іншых палітыкаў і грамадзкіх актывістаў завочна складзеныя пратаколы за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.
Сярод іх сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец і грамадзкі актывіст Леанід Кулакоў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька апублікаваў свой партакол у фэйсбуку.
«Завочныя пратаколы. За Дзень Волi. Не так iшлi! Не тое гаварылi!», —піша Анатоль Лябедзька.