Мікалай Статкевіч сустрэўся з віцэ-канцлерам Нямеччыны Зігмарам Габрыэлем
Гутарка не была дыпламатычнай.
Сёння лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч сустрэўся з віцэ-канцлерам, федэральным міністрам замежных спраў Нямеччыны Зігмарам Габрыэлем, які прыбыў у Менск з візітам. Мікалай Статкевіч распавёў сайту Charter97.org пра падрабязнасці сваёй сустрэчы з адным з кіраўнікоў урада Нямеччыны:
– Я вельмі рады сустрэчы з Зігмарам Габрыэлем, з якім я знаёмы ўжо шмат гадоў. Мне вельмі прыемна, што сацыял-дэмакрат займае такую высокую пасаду ва ўрадзе Нямеччыны.
Я распавёў Зігмару Габрыэлю аб становішчы спраў у Беларусі: пра пераслед актывістаў «Народнай Грамады», пра рэпрэсіі супраць сяброў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, незалежнага прафзвязу РЭП, распавёў пра ціск на аднаго з лідараў БНК Уладзіміра Някляева.
Я паставіў кіраўніка МЗС Нямеччыны ў вядомасць аб катаваннях, якія ўжываюцца ў турме КДБ і іншых турмах Беларусі. Таксама выказаў сваё меркаванне наконт кантактаў з дыктатарам Лукашэнкам на самым высокім узроўні. Мая пазіцыя вядомая: я мяркую, што такія сустрэчы шкодзяць рэпутацыі Еўрапейскага Звязу. Не рацыянальна ўзнагароджваць Лукашэнку такімі кантактамі, бо яны дрэнна ўспрымаюцца самімі беларусамі. 80% беларусаў негатыўна ставяцца да такіх сустрэч, яны шкодзяць іміджу Еўрапейскага Звязу і Нямеччыны.
Зігмар Габрыель распавёў мне пра свае сустрэчы з уладамі Беларусі і матывах нямецкага боку.
Размова была не самай дыпламатычнай, але яна была сумленнай. Сумленная размова двух сацыял-дэмакратаў.