Мікалай Статкевіч: "Тут не санаторый…"
…Безумоўна, тут не санаторый, і фактараў, якія адмоўна ўплываюць, дастаткова. Але ж і я разумею гэта і таму прыкладаю дастаткова намаганняў, каб заставацца ў нармальнай форме…
Мікалай Статкевіч распавёў пра тое, як імкнецца захоўваць фізічнаю форму ва ўмовах турмы. Аб гэтым ён напісаў у лісце да жонкі.
«Напрыклад, штодзённа я хаджу 3 гадзіны. Адну — на прагулцы і дзве — у камеры, сумяшчаючы іх з […] ці з фізкультурай. Дарэчы, фізкультурай я займаюся тройчы на дзень…», — напісаў палітвязень.
«Зранку ён робіць размінку (у асноўным, розных аддзелаў хрыбта), — распавяла Марына Адамовіч, — на прагулцы робіць прысяданні і адцісканні, а пасля яе — падцягваецца і робіць практыкаванні на прэс».
Жанчына распавяла, што яе вельмі ўразіў успамін пра ПКТ ў Шклове, пра які Мікалай узгадаў у нядаўнім лісце: ён там сядзеў у «спецкамеры». Яна там адна такая- не мае вакна, столь цячэ, сцены пафарбаваны ў цёмны колер, працуе толькі начное асвятленне — круглыя суткі лямпачка 40 ват у нішы над дзвярыма, закрытая металічнай пласцінай з дзіркамі, — пераказала Марына Адамовіч.
Не пакінуў палітык па-за ўвагай і сітуацыю на волі. Ён пракаментаваў сітуацыю па падрыхтоўцы да выбараў 2015 года. «Гледзячы па газетах, як заўсёды пасля амерыканскіх выбараў […] апазіцыйныя галовы традыцыйна наведала ідэя праймерыз. Даўно заўважыў, што людзі часта робяць не тое, што патрэбна, а тое, што ўмеюць. […] Калі дысідэнты «косяць» пад змагароў, то з гэтага не атрымоўваецца нічога добрага ні для змагароў, ні для дысідэнтаў. Апошнія прыклады — перад вачыма.»