"Не положено"

Зняволеным “не положено” ведаць свае правы. Так лічыць адміністрацыя турмы № 4 у Магілёве.

“Інакш я не магу патлумачыць зайдросную ўпартасць, з якой мне вяртаюць раздрукоўку Пастановы Савета міністраў Беларусі за нумарам 1564, якая ўтрымлівае нормы харчавання і забяспячэння сродкамі асабістай гігіены зняволеных. Гэту пастанову я ўжо каторы раз спрабую пераслаць Мікалаю”, – кажа жонка кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. З гэтай нагоды Марына распавяла:

– Я ўпэўнена, што зняволеныя маюць права не толькі ведаць тое, што ім гарантуе дзяржава, (а дзеля гэтага такія нормы павінны быць у кожнай турэмнай камеры і ў кожным атрадзе ў калоніі), але і атрымоўваць усё належнае без аніякіх выняткаў.

Ганебна, што ў нашай краіне дагэтуль зняволенне – зусім не спосаб вяртання чалавека ў грамадства, а, хутчэй, наадварот, толькі спосаб яго прынізіць, растаптаць яго годнасць.

Ганебна, што людзям не толькі не гарантуецца права на чалавечае стаўленне, не выконваюцца нават мінімальныя абавязацельствы, якія бярэ на сябе дзяржава, але ж ад іх пад рознымі адгаворкамі наяўнасць такіх правоў “хаваецца”. Зняволеныя абсалютна безабаронныя перад адміністрацыяй, іх скаргі часта не выходзяць за сцены калоній і турмаў. Сведчаннямі гэтага літаральна запоўненыя спецыялізаваныя рэсурсы.

Наш прыклад – не выключэнне. Як інакш расцаніць упартае нежаданне адміністрацыі перадаць Мікалаю Статкевічу афіцыйны дакумент, які вызначае яго жыццё ў тым месцы? І за што тады безкантрольна вылічваюцца грошы з яго вайсковай пенсіі, якую, чамусьці, наша дзяржава самастойна, не пытаючыся згоды, перавяла ў поўнае распараджэнне адміністрацыі? А дамагчыся паўнавартаснай інфармацыі, на што ж яна скарыстоўваецца, амаль немагчыма.

Даходзіць да абсурду, калі на патрабаванне Мікалая патлумачыць, дзе ж належныя сродкі гігіены, ці прадукты харчавання, вызначаныя пастановай урада, яму адказваюць, што за гэта з яго пенсіі грошы не вылічваюць. А за што, даруйце?! Няўжо за “санаторныя” умовы? За камеру без падлогі? За вільготную столь? За адпадаючую тынкоўку? За адсутнасць дзённага святла? За холад, які, мабыць, з\’яўляецца адмысловай платнай паслугай дзеля захавання добрай формы?

Вельмі спадзяюся атрымаць нарэшце адказы на гэтыя пытанні, як і на тое, якім прававым актам дакумент, які павінны быць даступны, як паветра,  прызнаны “неположенным”? Дарэчы, цэнзары паленаваліся нават перадаць мужу ліст, які быў у тым жа канверце, і таксама вярнуўся без тлумачэнняў. Прынамсі, нідзе не пазначана, каб ён “не прайшоў цэнзуру”.