Мікалай Статкевіч: Улады прадаюць размовы аб рэформах Захаду, нічога не мяняючы ўнутры краіны

Са слоў палітыка, фактычна, беларуская эканоміка – гэта стратны філіял расейскай.

«Такое ўражанне, што еўрапейскія партнёры робяць усё, каб дыскрэдытаваць ідэалы беларускіх дэмакратычных сіл», — заявіў адзін з лідfраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч на кансультацыях прадстаўнікоў беларускіх апазіцыйных арганізацый і дэпутатаў літоўскага Сэйма 11 лістапада ў Вільні.

«Зняццё санкцый, сустрэчы з Лукашэнкам… Гэта тое, супраць чаго мы выступаем, але робяць нашы еўрапейскія партнёры. Нават калі ў вас ёсць вялікія эканамічныя інтарэсы ў супрацоўніцтве з беларускімі ўладамі, не перашкаджайце нам абараняць краіну. Пасля нас могуць прыйсці па вас», — сказаў ён.

Са слоў Статкевіча, у Беларусі «створаны марыянэткавы рэжым, фактычна, філіял Расеі, а беларуская эканоміка — гэта стратны філіял расейскай эканомікі». «Калі Расея стала бяднейшай, схема паразітавання на інтэграцыі, якую выкарыстоўвае Лукашэнка, страціла сэнс. Цяпер Расея патрабуе за сваю дапамогу ўсё большага кантролю над суверэнітэтам», — мяркуе ён.

Палітык адзначыў, што беларускія ўлады на эканамічны крызіс «рэагуюць не рэформамі, а ўсяго толькі размовамі пра іх, прадаюць гэтыя размовы аб рэформах Захаду, нічога не збіраючыся змяняць унутры краіны». «Лукашэнка прызначыў у парламент двух прадстаўнікоў незалежных арганізацый. Гэта ягоная слабасць, на якую ён пайшоў дзеля зняцця санкцый», — сказаў ён.

Пры гэтым Статкевіч мяркуе, што беларускі рэжым не зрабіў нічога, каб супрацьстаяць расейскай пагрозе. А таму, падкрэсліў ён, абараніць краіну можа толькі грамадзянская супольнасць, піша БелаПАН.