Навіны

Мікалай Статкевіч: Уваходжанне Украіны ў NATO – не самы горшы для Расіі варыянт

Зараз вельмі часта па TV гучаць засцярогі, што Украіна можа ўвайсці ў NATO. На мой погляд, гэта – не самы горшы для Расіі і ўсяго рэгіёна варыянт”, – 

Мікалай Статкевіч, кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, палітвязень, які ўжо 1250 дзён за кратамі,  піша пра перспектывы ўваходжання Украіны ў NATO.

“Зараз вельмі часта па TV гучаць засцярогі, што Украіна можа ўвайсці ў NATO.

На мой погляд, гэта – не самы горшы для Расіі і ўсяго рэгіёна варыянт. NATO, усё ж, ваяваць тут не збіраецца, тым болей, ядзернай зброяй. Горш можа быць, калі Украіна ў NATO не ўвойдзе і пачне абараняць сябе сама.

Прыніжаная Расіяй і азлобленая краіна можа пачаць распрацоўку ўласнай ядзернай зброі. Уранавыя радовішчы і патрэбныя адмыслоўцы там ёсць. З дастаўкай таксама праблемаў не будзе, бо ракетная вытворчасць там таксама ёсць. І папікнуць Украіну вяртаннем да ядзернай зброі будзе нельга, бо некалі яна аддала яе Расіі ў абмен на гарантыі свайго суверэнітэту з боку як самой Расіі, так і Амерыкі з Англіяй. Дзе цяпер гэтыя гарантыі?

А калі Украіна набудзе ядзерную зброю, то пагроза ядзернай вайны ў нас пад бокам узрасце шматкроць. Дзве варожыя ядзерныя дзяржавы з агульнай мяжой. Падлётны час носьбітаў ядзернай зброі да сталіц адна адной і, адпаведна, час на зваротны ўдар – мінімальныя.
Суцэльная вайна нерваў. Адзін збой і…  А ў нас і знішчальнікі расійскія ўжо размешчаныя. Не, лепш хай ужо ў NATO ідуць. Так спакайней будзе для ўсіх”

Такое меркаванне палітык выказаў у лісце родным, датаваным 15 траўня.