Мікалай Статкевіч: Вызначыцца трэба сёння

Палітык Мікалай Статкевіч распавёў пра тое, чаму важна аб’яднаць высілкі па святкаванні 100-годдзя БНР.

Мікалай Статкевіч паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбук, што “у лістападзе мінулага года Рада Беларускага Народнага Кангрэса заклікала да ўтварэння аб’яднанага аргкамітэту па правядзенні 25 сакавіка ў Менску масавага святкавання 100-годдзя БНР, а 8 студзеня адбылася сустрэча грамадскіх і палітычных дзеячаў, якія падтрымалі гэтую ідэю”. Рабочая група лічыць магчымай формай масавага святкавання шэсце ад пл. Я. Коласа да пл. Незалежнасці з наведваннем месцаў, звязаных з гісторыяй БНР – але ў той жа час адкрыта да абмеркавання іншых варыянтаў.

Мікалай Статкевіч: У шэрагу СМІ паведамлялася, што “Статкевіч агучыў свой план на 25 сакавіка”, але інфармацыя не зусім дакладная. Гэта не мой план, а план рабочай групы.

РР: Год толькі пачаўся, а група ўжо распрацоўвае планы на сакавік. Не вельмі рана?

Мікалай Статкевіч: Тут варта спытаць: ці не вельмі позна? 100-годдзе БНР – вельмі значная дата, якая патрабуе такой жа значнай падрыхтоўкі. Гэта гістарычная падзея, якая зрабіла Беларусь незалежнай, а беларусаў нацыяй. Да яе трэба рыхтавацца добра і адказна. Дарэчы, ёсць у гэтай сітуацыі і яшчэ адзін суб’ектыўны момант. У снежні 2016 году Рада БНК заклікала усе дэмакратычныя сілы разам аб’яднана адсвяткаваць Дзень волі. Праз два тыдні, 3 студзеня 2017 году, правацэнтрысцкая кааліцыя нарэшце аб’ядналася з Партыяй БНФ, і яны раптоўна разам падалі заяўку. Яна была традыцыйнай, рэакцыя ўладаў – таксама традыцыйная. І маладыя людзі, якія падпісалі заяўку, аказаліся не гатовыя да ціску і за дзень да 25 сакавіка, не атрымаўшы адказу ад Менгарвыканкама, знялі заяўку. Такім чынам яны далі ўладам магчымасць для быццам бы законнага разгону ўдзельнікаў акцыі.

РР: Зараз не хочаце, каб тыя памылкі паўтарыліся?

Мікалай Статкевіч: Менавіта так. Мы не падаем заяўку зараней, але заклікалі ўжо зараз стварыць агульны аргкамітэт па правядзенні масавага святкавання падзеі. Трэба, каб ужо сёння ўсе вызначыліся.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя