Асабістая думка

Мікалай Статкевіч: Ёсць праблемы і ёсць іх прычыны.

Учора адказаў на пытанні “Нашай нівы” пра абарону ахоўнай зоны Курапат. У апублікаваны на яе сайце тэкст інтэрв\’ю чамусьці не трапіла мая галоўная пазіцыя. Мушу пераказаць яе тут.

Ёсць праблемы і ёсць іх прычыны. Галоўная прычына праблемаў вакол Курапат, гэтак жа, як і эканамічнай стагнацыі, карупцыі, беспрацоўя, пабораў з беспрацоўных, катастрафічнага стану беларускай мовы і многіх іншых – незаконны захоп усёй улады асобай, публічна абвінавачанай у асабліва цяжкіх злачынствах. Пералічаныя праблемы – гэта толькі наступствы ўсталявання ў краіне сістэмы нічым не абмежаванай ўлады гэтай асобы.

Я падтрымліваю дзейнасць грамадскіх актывістаў, скіраваную па паляпшэнне існуючай сістэмы, на выпраўленне асобных негатыўных наступстваў яе панавання, на карысныя для грамадства справы. Але палітычная апазіцыя – гэта іншая справа. Яна павінна найперш змагацца за змену ўсёй ўладнай сістэмы, намагацца вярнуць краіну ў прававое поле. У дэмакратычнай прававой дзяржаве будаўніцтва кабака каля сімвала нацыянальнай трагедыі, гэтак жа, як і падатак з беспрацоўных, будуць немагчымыя.

Я і мае таварышы па Народнай Грамадзе і БНК імкнемся ліквідаваць галоўную прычыну пералічаных праблем – архаічную правячую сістэму і вярнуць краіну да дэмакратыі. Гэта наша галоўная мэта, вакол якой мы аб\’ядналіся, дасягненне якой дазволіць вырашыць шмат праблем. У тым ліку і праблему вакол Курапатаў.

На завяршэнне. Калі абаронцы Курапатаў арганізуюць акцыю пратэста ў цэнтры сталіцы, каб аказаць ціск на ўладу, якая і стварыла гэтую праблему, то я вазьму ўдзел у такім мерапрыемстве. Гатовы дапамагчы ў яго арганізацыі. А стаяць пад кабаком і апеляваць да сумлення яго наведвальнікаў – гэта не зусім наш падыход.

Мікалай Статкевіч                                                           5 чэрвеня 2018 года

Facebook