СЛУЖЫЛІ ДВА ПАЛКОЎНІКІ (Людзі-функцыі)

Чамусьці многія любяць падзяляць публічных функцыянераў рэжыма – з адных рабіць ледзь не злых дэманаў дыктатуры, другіх залічваць у таемныя патрыёты і лібералы.

Насамрэч, розніца паміж усімі гэтымі персанажамі, ў першую чаргу, функцыянальная. Каму якую функцыю іх гаспадар даручыў, такую ролю ён і гуляе. Хаця, асобныя стылёвыя адметнасці ды імідж, створаны падчас выканання папярэдняй функцыі, таксама маюць значэнне. Але абсалютна другаснае і пераменнае.

Разгледзім, для прыкладу, двух палкоўнікаў КГБ, прызначаных “міністрамі”.

Адзін, атрымаўшы пасаду галоўнага міліцыянта, мае функцыю “хапаць, не пускаць і палохаць”. Якой і імкнецца адпавядаць. Чаго толькі вартая форма НКВД, якую ён дэманструе па святам. І рыторыка ў яго адпаведная – злосная і пагрозлівая.

Другі палкоўнік, прызначаны адказным за дыпламатыю, мае галоўную функцыю “наладзіць адносіны з Захадам і раскалоць яго на грошы” (бо Ўсход на грошы расколвае яго гаспадар асабіста). Таму, каб добра выканаць даручаную яму функцыю, гэты палкоўнік павінен выглядаць лібералам (он же все понімает!) і патрыётам. Нават дыпламатычны корпус ва ўкраінскія вышыванкі апранаў. Інакш, як выцягнуць грошы з прыжымістых буржуінаў “на ўратаванне ад небяспекі з Усходу”. Дарэчы, падчас выканання функцыі кіраўніка адміністрацыі “прэзідэнта”, ён у лібералізме і патрыятызме заўважаны не быў.

Пры неабходнасці, гэтых “міністраў” можна памяняць месцамі. І тады яны гэтак жа аддана пачнуць выконваць новыя функцыі. Магчыма з захаваннем асобных стылёвых адметнасцяў, набытых на папярэдніх пасадах. Бо інакш неяк няёмка.

Напрыклад, сённяшні галоўны па дыпламатыі загадае ўпрыгожыць дубінкі паганскім арнаментам і перакласці шыльдачкі ў турме на Акрэсціна на беларускую мову. І маралітэ з нагоды сцяга ЛГБТ над брытанскай амбасадай ён пісаць не будзе. Думаю, проста амбасадарку падчас ранішняй прабежкі ў парку сустрэнуць асобы тэатральнай знешнасці і ветліва папросяць прыбраць той сцяг. Бо хаза пахана непадалёку і ў пацаноў непаняткі ўзнікаюць.

Галоўны зараз па міліцыі, прызначаны адказным за дыпламатыю, адразу зробіцца глыбока схаваным лібералам (он же все понімает!). Раптам высветліцца, што ён нашчадак старадаўняга русінскага шляхетнага роду “герба власнего”. І на дзень горада ён выедзе на кані ў рыштунку крылатага гусара часоў ВКЛ.

А прагрэсіўнае грамадства будзе звыкла ціха захапляцца патрыятызмам аднаго “міністра” і збіраць подпісы за адстаўку другога. Хаця, якія перакананні ў тых, хто дабраахвотна пайшоў у халопы.

Але мяне больш цікавяць сапраўдныя прычыны – чаму так часта патрыятычная інтэлігенцыя любіць дэманізаваць адных халопаў, у тым ліку, звычайных міліцыянтаў ці нават ахоўнікаў, і ўскладваць надзеі на другіх? Мо справа ў страху зачапіць асобу іх гаспадара і нявер\’і ва ўласныя сілы?

Мікалай Статкевіч                                                             11 чэрвеня 2018

Фэйсбук