Грамадская акцыя

Мікалай Статкевіч заклікае ўшанаваць памяць забітых творцаў "Ланцугом памяці"

80 гадоў таму – ноччу 29 кастрычніка 1937 года ва ўнутранай турме НКВД у Мінску былі растраляныя больш за 130 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, публіцыстаў. Тых, хто складае душу нацыі, без каго яна ператвараецца ў біялагічны матэрыял. “Ноч растраляных паэтаў” стала сімвалам сталінскіх рэпрэсій, падчас якіх былі рэпрэсаваныя многія сотні тысяч беларусаў.

Заклікаю ўсіх, хто памятае і разумее, узяць удзел у традыцыйным “Ланцугу памяці” каля таго месца, дзе адбылося масавае забойства беларускай культурнай эліты. Калі мы адкрыта і публічна не асуджаем ранейшыя ці сённяшнія злачынствы ўлады, то фактычна прымаем іх.

Пачатак “Ланцуга памяці” – у нядзелю 29 кастрычніка ў 19.00 каля будынка КГБ на праспекце Незалежнасці ў Мінску.

Не трэба сцягоў і лозунгаў. Бо забітыя хадзілі пад рознымі сцягамі, надхняліся рознымі лозунгамі. Вазьміце толькі свечкі ці лампады. Мы прыйдзем, каб успомніць пра нашых забітых каля месца іх забойства, каб нашчадкі катаў ведалі, што нічога не будзе забыта. Каб трагедыя 1937-га года больш ніколі не магла паўтарыцца на нашай зямлі.

Жыве Беларусь!

Мікалай Статкевіч                                         24 кастрычніка 2017 г.

Фэйсбук