Мікалай Статкевіч: завязуць ядзерныя ракеты, а мы не будзем ведаць

Мадыфікацыя самалёта СУ-27, якую мяркуецца паставіць у Беларусь, нясе наступальнае ракетнае ўзбраенне.

Былы кандыдат у прэзідэнты, падпалкоўнік у адстаўцы Мікалай Статкевіч ацаніў у інтэрв\’ю «Радыё Свабода» пагрозы ад расейскай авіябазы, размяшчэння якой на тэрыторыі нашай краіны дамагаецца Крэмль.

– Мяркую, гэта вельмі небяспечна для Беларусі, таму што мы зноў становімся пляцоўкай для нападу на іншыя краіны, – сказаў ён. – Так, калі гэтая авіябаза будзе ў Бабруйску, то відавочна, што яе мэтай будзе Кіеў, таму што там да мяжы даслоўна кіламетраў 200, а адтуль да Кіева яшчэ ўсяго сто пяцьдзесят.

Акрамя таго, што мы становімся закладнікамі вельмі непрадказальнай цяпер замежнай палітыкі Расеі, мы яшчэ становімся ворагамі для нашых суседзяў. Яны ў адказ таксама будуць нарошчваць нейкія рэсурсы, нейкія сродкі нанясення прэвентыўнага ўдару, нейкія вайсковыя адзінкі. Мы зноў на гэта будзем рэагаваць, а гэта ўжо гонка ўзбраенняў.

Але галоўнае, што пагроза ўжо не будзе залежаць ад нас, а ад дзеянняў Расеі. Яшчэ можна было б неяк прымірыцца са знаходжаннем гэтай станцыі папярэджання аб ракетным нападзе ў Ганцавічах, гэта нейкі наш уклад у сусветную бяспеку, так як лепш, каб стратэгічныя спаборнікі адзін за адным сачылі, каб не было якіх-небудзь выпадковасцяў. Але гэтая база – зусім іншае, гэта ўжо наступальнае ўзбраенне.

Тая мадыфікацыя самалёта СУ-27, якую мяркуецца паставіць у Беларусь, нясе наступальнае ракетнае ўзбраенне. Магчыма, што мы і ведаць не будзем, а там будуць назапашвацца нейкія сродкі і больш небяспечныя, як ядзерныя ракеты, нейкія варыянты з боегалоўкамі такіх ракет.

Калі мы вывелі тактычную ядзерную зброю з нашай тэрыторыі, і цяпер яе зноў вяртаем? Гэта вельмі небяспечна і, акрамя таго, паказвае залежнасць Беларусі, яе безгрунтоўнасць як суб\’екта міжнароднага права.

Па той жа прычыне, чаму Лукашэнка выпусціў мяне і іншых палітвязняў – патрэбныя грошы, крэдыты, датацыі. Расея і без таго нам у лепшыя гады да 20% валавога прадукту ахвяравала, але з кожным годам гэтага ўсё больш і больш не стае. Наша эканоміка губляе сваю адносную эфектыўнасць ўсё больш і больш.

Гэта звязана і з тэхналогіямі кіравання. Нельга з аднаго месца кіраваць тысячамі прадпрыемстваў, гэта да добрага выніку не прыводзіць.

Цяпер пытанне абвастрылася. Зноў да выбараў патрэбныя крэдыты, таму што беларускі рубель вось-вось зноў можа абрынуцца. А хто можа хутка прыйсці на дапамогу? Захад будзе чакаць вынікаў гэтых выбараў, МВФ будзе вылучаць эканамічныя патрабаванні, а Расея таксама праз фонд ЕўрАзЭС вылучаць эканамічныя патрабаванні, але потым, пасля падпісання пагаднення па гэтай базе, паменшыць іх і дасць пажаданыя крэдыты.

Вось так усё ўпіраецца ў грошы ў гэтай дзяржаве. У сутнасці, краіна ператварылася ў нейкага жабрака, які за 9 з паловай мільёнаў чалавек ходзіць выпрошвае, падманвае, выцягвае грошы ад такіх жа бедных ці нават самых бедных, спрабуе і ад іх нешта атрымаць. Вось у такой сітуацыі апынуўся працавіты, таленавіты народ воляй аднаго чалавека. Усё – грошы.

«Радыё Свабода»