Мікалай Статкевіч згодны стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі
Такі варыянт запрапанаваў палітык Уладзімір Някляеў. Хоць падобнаекандыдаванне можа насіць у сённяшніх умовах толькі сімвалічны характар.
Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча працытавала ягоныя словы для сайта statkevich.org:
«Прачытаў у »Народнай Волі« за 14.10 артыкул Някляева. Магчыма, гэта – не горшы варыянт.
Мая пазіцыя такая:
– дзякую за падтрыманне Някляеву;
– пацвярджаю сваю згоду вылучацца ў якасці адзінага;
– план Някляева з «запасным» кандыдатам цікавы і заслугоўвае ўважлівага вывучэння».
Газета «Народная Воля» апублікавала артыкул экс-кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева, у якім палітык прапаноўвае высунуць Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах. «Асноўнае пярэчанне гэтаму: ЦВК не зарэгіструе такога кандыдата. Хутчэй за ўсё – так. Але ЦВК не зможа перашкодзіць правядзенню палітычнай кампаніі за рэгістрацыю Статкевіча», – піша лідар кампаніі «Гавары праўду». Ён прапаноўвае таксама абраць «кандыдата-дублёра», які ў выпадку нерэгістрацыі Статкевіча зладзіць кампанію актыўнага байкоту прэзідэнцкіх выбараў.
Цяпер Мікалай Статкевіч застаецца ў магілёўскай турме. Не выключаюць, што праз пастанову ўзяць удзел у прэзідэнцкай кампаніі ціск на палітвязня ўзмацніцца.
МЛ, belsat.eu