Актуальна

Мікалай Статкевіч згодны стаць адзіным кандыдатам на прэзыдэнта

Мікалай Статкевіч адгукнуўся на прапанову Ўладзімера Някляева вылучыць палітвязьня адзіным кандыдатам ад апазыцыі на выбарах прэзыдэнта ў 2015 годзе. Пра гэта паведаміла жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

«Ён чытаў у „Народнай волі“ пра прапанову Някляева аб вылучэньні Міколы адзіным кандыдатам на прэзыдэнта. Па-першае, падзякаваў Някляеву за падтрымку, а па-другое, даў згоду на вылучэньне, калі такое пагадненьне будзе дасягнутае».

Мікалаю Статкевічу вядомая сытуацыя са зьмяшчэньнем у карцэр палітвязьня Ігара Аліневіча. «Мікола выказваў падтрымку Ігару. Ён таксама не выключае, што Ігара рыхтуюць да крытай турмы», — кажа Марына Адамовіч.

Таксама Марына Адамовіч паведаміла, што падчас сустрэчы з адвакатам 17 кастрычніка Мікалай Статкевіч быў апрануты па-зімоваму.

«Ацяпленьне ў турме яшчэ не ўключылі, але цяплейшая адзежа на ім была. Праўда, я ня ведаю, што гэта: правіла ці выключэньне», — кажа жонка Статкевіча.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода