Мікалая Статкевіча чакае новы суд

Ён можа быць пераведзены ў турму да канца зняволення.

Міколу Статкевіча чакае новы суд. Аб гэтым паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку жонка палітвязня Марына Адамовіч:

 

Міколу Статкевіча чакае новы суд. Адміністрацыя калоніі вырашыла, што ён настолькі “не стаў на шлях выпраўлення” і “мае намер весці злачынны лад жыцця”, што яго далейшае ўтрыманне ў гэтай высокамаральнай установе немагчымае.

Таму, 9-га красавіка нейкая там камісія ў шклоўскай ПК-17 вырашыла адправіць яго на турэмны рэжым да канца тэрміну. Калі суд, мне невядома. Якія-небудзь падрабязнасці таксама. Ведаю толькі, што на сёння ў яго 13 спагнанняў, з якіх 10 – за “адмову ад працы”.

Зараз ён ў ПКТ, у памяшканні няма дзённага святла, а колер сценаў – хутчэй, цёмна -сіні. Прагулка – паўгадзіны на дзень.

Пра тое, што адміністрацыя калоніі ўзмацніла ціск на апазыцыйнага палітыка, стала вядома ў пачатку красавіка, калі толькі за адзін тыдзень на яго склалі восем актаў нібыта за парушэнне рэжыму. Статкевіч быў пазбаўлены каротка- и доўгатэрміновага спаткання з жонкай, прадуктовай перадачы, правёў трое сутак у штрафным ізалятары, а 3 красавіка яго перавялі на два месяцы ў памяшканне камэрнага тыпу.

Паводле інфармацыі Марыны Адамовіч, праблемы з адміністрацыяй у мужа пачаліся адразу пасля пераводу ў шклоўскую калонію з магілёўскай турмы, але пасля таго, як 24 сакавіка ён напісаў заяву аб адмове ад працы па самаабслугоўванні (уборка тэрыторыі), ціск узмацніўся.

Паводле закону, такую працу ўсе зьняволеныя павінны выконваць па чарзе, прычым, ня больш за дзве гадзіны ў дзень, аднак у дачыненні да Статкевіча гэтыя нормы ня дзейнічалі, што ён расцэньвае як ўзаконены здзек, распавяла БелаПАН Марына Адамовіч.

58-гадовы Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў асуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зьняволеным.

Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.

На мінулым тыдні беларускія праваабаронцы накіравалі ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС і адміністрацыю шклоўскай калоніі зварот, у якім запатрабавалі: спыніць націск на Статкевіча; адмяніць незаконныя дысцыплінарныя спагнанні, накладзеныя на яго на працягу апошніх двух месяцаў, і ануляваць складзеныя акты аб парушэнні дысцыпліны; дапусціць прадстаўнікоў прадстаўніцтва ЕС і ААН у Беларусі, а таксама дыпламатычных місій ЕС у калонію № 17 для праверкі ўмоў утрымання апазіцыйнага палітыка.

На думку праваабаронцаў, дзеянні адміністрацыі калоніі “маюць мэтанакіраваны характар на прымушэнне Статкевіча да напісання прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта”.