Мікалая Статкевіча катуюць адсутнасцю сна
“Некалькі начэй запар не давалі спаць… Усю ноч грукалі вечкам “кармушкі” і нагамі ў жалезныя дзверы камеры, крычалі ў “кармушку” кожныя 10-15 хвілін – некалькі начэй запар… Мабыць, спадзяюцца “застукаць” спячым удзень… Адпомсціць за “вугал нахіла цела”, за знішчальную іронію заявы ў пракуратуру”
Так напісала ў сваім Фэйсбуку пра апошнія навіны з турмы жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.
Мы звярнуліся да Марыны па каментар…
— Сапраўды, як мне стала вядома, некалькі начэй запар былі спробы не даць спаць ноччу Міколу і яго суседу: білі кожныя 10-15 хвілін металічнай “шторкай” па дзьвярах камеры, білі нагамі ў дзьверы, крычалі. Хутчэй за ўсё, гэта была спроба не даць выспацца ноччу, каб прымусіць Мікалая заснуць удзень. Наколькі мне вядома, сусветная практыка расцэньвае такія дзеянні, як катаванні. Раней ўжо яго каралі за ўяўны дзённы сон. А ў сваёй заяве ў пракуратуру ён апісаў гэту сітуацыю са знішчальнай іроніяй. Магчыма, гэта – помста.
Дарэчы, пра заяву ў пракуратуру. У класічнай традыцыі нашых праваахоўных органаў заява была перанакіраваная для разгляду у Дэпартамент выканання пакаранняў – орган, на дзеянні супрацоўнікаў якога, акурат, і пададзеная. Мікола – ўпарты, і часу ў яго зараз хапае – ён падаў заяву паўторна ў пракуратуру. І яна ізноў была перанакіраваная ў ДВП. Што ж, днямі ён накіраваў яе ў пракуратуру трэці раз, бо лічыць, што неабходна прымусіць гэту сістэму працаваць так, як патрабуе закон, няхай сабе і “кастрыраваны”.
Акрамя таго, яму не выдалі медычную бандэроль, якую я даслала, затое патрабуюць, каб падпісаў адмову ад атрымання “неустановленной посылки от неустановленного лица” – той самай медбандэролі ад мяне, падпісанай вялікімі літарамі “МЕДЫЧНАЯ”, дазвол на якую быў выдадзены амаль месяц таму. Чаму гэта пасылка і ад каго яна – не тлумачаць. Такім чынам, яму спрабуюць адмовіць у неабходных леках.
Дарэчы, такое мы ўжо “праходзілі” ў мінулым годзе, калі медбандэроль вярнулася назад, а Міколу патлумачылі потым, што яны “памыліліся”, прыняўшы яе за “неналежную” харчовую. Такія вось дробныя паскудствы,
– зазначыла Марына Адамовіч.