Мікашэвіцкага актывіста аштрафавалі за салідарнасць з палітвязнямі
540 тысяч рублёў павінен заплаціць дзяржаве Віталь Каліноўскі за сваё канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі.
Такую пастанову прыняла адміністрацыйная камісія пры Мікашэвіцкім гарвыканкаме, паведамляе «Радыё Рацыя».
Камісія пагадзілася з пратаколам, складзеным міліцыяй, дзеВіталь Каліноўскі абвінавачваўся ў расклейванні ўлётак не рэкламнага характару без дазволу.
Са слоў Віталя Каліноўскага, выслухаўшы ягоныя тлумачэнні з нагоды расклейвання ўлётак пра палітвязняў, камісія не прыйшла да аднадушнага меркавання з нагоды сумы штрафу. Маладая дзяўчына з камісіі выказалася за штраф не ў 3, а 1 базавую адзінку. За гэта атрымала грозны погляд з боку старшыні камісіі і адначасова старшыні гарвыканкама Галіны Сацэвіч.
26 траўня Віталь Каліноўскі распаўсюджваў у родным горадзе ўлёткі з фотаздымкамі беларускіх палітвязняў. Сваю акцыю прымеркаваў да суду над палітвязнем Юрыем Рубцовым, які адбываўся ў Пружанах.