Мікашэвіцкага актывіста аштрафавалі за салідарнасць з палітвязнямі

540 тысяч рублёў павінен заплаціць дзяржаве Віталь Каліноўскі за сваё канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі.

Такую пастанову прыняла адміністрацыйная камісія пры Мікашэвіцкім гарвыканкаме, паведамляе «Радыё Рацыя».

Камісія пагадзілася з пратаколам, складзеным міліцыяй, дзеВіталь Каліноўскі абвінавачваўся ў расклейванні ўлётак не рэкламнага характару без дазволу.

Са слоў Віталя Каліноўскага, выслухаўшы ягоныя тлумачэнні з нагоды расклейвання ўлётак пра палітвязняў, камісія не прыйшла да аднадушнага меркавання з нагоды сумы штрафу. Маладая дзяўчына з камісіі выказалася за штраф не ў 3, а 1 базавую адзінку. За гэта атрымала грозны погляд з боку старшыні камісіі і адначасова старшыні гарвыканкама Галіны Сацэвіч.

26 траўня Віталь Каліноўскі распаўсюджваў у родным горадзе ўлёткі з фотаздымкамі беларускіх палітвязняў. Сваю акцыю прымеркаваў да суду над палітвязнем Юрыем Рубцовым, які адбываўся ў Пружанах.