Міклай Статкевіч: Папулярнасць "Хартыі" — у інтарэсах не толькі грамадства, але і ўсіх астатніх дэмакратычных СМІ.
Некаторыя недзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы не хаваюць злараднасці з нагоды блакіроўкі «Хартыі-97». Магчыма, спадзяюцца на рост сваёй папулярнасці за кошт той часткі наведвальнікаў заблакаванага ўладамі сайта, якія пакуль не здолелі абыйсці яго блакіроўку.
Дарэмныя спадзяванні — тая частка інтэрнэт-аўдыторыі пераходзіць, найперш, да расійскіх, крытычных да кіраўніка беларускага рэжыма, рэсурсаў. Пераход вельмі небяспечны для Беларусі, бо гэтыя рэсурсы крытычныя і да самога факта існавання нашай дзяржавы і нацыі.
Каб пераняць часова згубленую «Хартыяй» частку яе аўдыторыі, трэба быць такім жа жорсткім і паслядоўным крытыкам уладаў, як «Хартыя». А гэта занадта небяспечна для рэсурсаў, размешчаных у даменнай зоне by — пад прамой юрысдыкцыяй беларускіх «судоў». Такое складана і для фармальна замежных СМІ, якія маюць офісы ці супрацоўнікаў на беларускай тэрыторыі, праз якіх таксама можна эфектыўна ціснуць на гэтыя СМІ.
Інфармацыйны ці палітычны супраціў у несвабоднай краіне мае сваіх лідараў, якія вызначаюць яго верхнюю планку і ў адказ прымаюць асноўны ўдар рэжыма на сябе. Астатнім дэмакратычным СМІ ці палітыкам можна выяўляць нашмат меньшую крытычнасць у словах ці дзеяннях і ўсё роўна выглядаць дастаткова прыстойна, рызыкуючы пры гэтым значна меней.
Калі ж лідары нейтралізаваны, то на першым плане перад увагай рэпрэсіўных органаў рэжыма раптоўна апынаюцца тыя, хто дагэтуль адносна бяспечна пачуваўся за спіной лідараў. Што прыводзіць СМІ і палітыкаў «другой лініі» да яшчэ большага паніжэння крытычнай актыўнасці, росту самацэнзуры і павялічэння кіруемасці з боку рэжыма. І як вынік — да падзення папулярнасці сярод расчараваных прыхільнікаў.
Беларускім дэмакратычным рэсурсам будзе складана захаваць нават сённяшні узровень папулярнасці, бо ступень іх апазіцыйнасці і крытычнасці да ўладаў цяпер будзе толькі падаць. Мы гэта ўжо назіраем па асвятленню падрыхтоўкі да 100-годдзя Дня Волі.
Папулярнасць «Хартыі» — у інтарэсах не толькі грамадства, але і ўсіх астатніх дэмакратычных СМІ. Таму заклікаю іх праяўляць болей салідарнасці з заблакаваным рэсурсам.
Заклікаю дэмакратычныя СМІ і карыстальнікаў сацыяльных сетак пастаянна публікаваць на сваіх старонках правілы абыхода блакіровак. Гэта не толькі дапаможа Хартыі захаваць сваю аўдыторыю, але і падрыхтуе аўдыторыю пакуль даступных дэмакратычных рэсурсаў да іх уласнай блакіроўкі. Ад якой ніхто ў нашай краіне не застрахаваны.
Мікалай Статкевіч