Мікола Статкевіч: Сімвалам, якія нас раней аб’ядноўвалі, надалі іншы сэнс
У Менску на Вайсковых могілках адбыўся мітынг, прысвечаны перамозе ў Другой сусветнай вайне. Арганізавалі яго Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) і Рух салідарнасці „Разам”.
Выступаючы на мітынгу, кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч сказаў, што Беларусь і беларусы існуюць зараз, дзякуючы тым шматлікім людзям, якія ахвяравалі жыццямі дзеля перамогі над нацызмам.
„Пэўны час дата перамогі аб’ядноўвала ўсю Еўропу,” – нагадаў палітык. – Людзі ўбачылі ўвесь страх і жах – дзясяткі мільёнаў загінула. Нават дамовіліся, што больш не чапаем межаў, не шукаем справядлівых межаў, бо справядлівых межаў для ўсіх не бывае. Але не прайшло і 70 год, як ізноў Еўропа падзеленая, ізноў вайна, ізноў шукаюць гістарычныя справядлівыя межы, зноў аднаўляюць гістарычную справядлівасць. Дата, якая нас некалі аб’ядноўвала, зараз пачынае падзяляць, сімвалы, якія былі аб’ядноўчымі, святымі для ўсіх – ім нададзены іншы сэнс.
„Небяспека рэваншызму і вайны зноў навіслі над кантынентам. І трэба зрабіць усё, каб вайна больш не паўтарылася,” – сказаў Мікола Статкевіч.
У мітынгу ўдзельнічала каля 20 чалавек, якія ўсклалі кветкі да магіл загінулых войскоўцаў і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання. Прагучалі малітвы і беларускі нацыянальны гімн „Магутны божа”.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя