Мікола Статкевіч у турме: “схільнасць да захопу закладнікаў” і “галодны перыяд”

Палітвязень Мікола Статкевіч пастаўлены на “прафулік”, таму што яго лічаць “схільным да захопу закладнікаў”,  і чакае пераезду ў меншую камеру.

Урыўкі з лістоў Міколы Статкевіча прыводзяцца на ягоным акаўнце ў Фэйсбуку.

“20-га траўня камісія турмы працягнула мне прафулік у сувязі са схільнасцю да захопу закладнікаў, нападу на супрацоўнікаў і гэтак далей. Ужо пачаў ганарыцца гэтым, –піша Мікола Статкевіч. – Таксама на камісіі папярэдзілі, што перавядуць у іншую камеру, меншых памераў, калі не пагаджуся на суседа. Вельмі хочацца ведаць, што кажу, думаю і планую.

Прапанавалі нават выбраць яго, сустрэўшыся персанальна. Тут такое практыкуецца, каб паменшыць імавернасць канфліктаў, бо трапляюць сюды далёка не анёлы.
Але я вырашыў застацца ў адзіночцы. Па-першае, пытанне пераводу мяне са следчага корпусу ў турэмны нават не стаіць. А гэта значыць, што сусед у мяне можа быць толькі з ліку выгнаных з турэмнага корпусу. А адтуль “выганяюць” часцей за ўсё, у сувязі з псіхічнымі праблемамі, адхіленнямі ў паводзінах, прыхаванымі праблемамі ці яшчэ з чым-небудзь не вельмі прыемным.

Па-другое, варта толькі адмівіцца ад адзіночкі, і трэцяга суседа могуць “закінуць” у камеру, ужо не пытаючыся. Такое неаднаразова ўжо было тут ў 2012 годзе і пачатку 2013-га. Тады ўсіх удалося пераканаць сыйсці. Хоць было раз дайшло да таго, што ўжо вену выбраў, якую менш шкада (а іх усе шкада). Я то гэтай працэдуры не баюся, але навошта дапускаць сітуацыю, калі яе прыйдзецца даводзіць да канца. Паглядзім лепей, што там за меншая камера”.

“Чакаю пераводу ў маленькую камеру, але чарговага дамарослага “псіхолага” побач я болей не хачу. Тым болей, як сведчыць вопыт, раней ці пазней ён атрымае каманду “паднімаць ціск” мне, кажучы мясцовай мовай.

Тут ужо “галодны перыяд” – гародніна раз на тыдзень у “баршчы”. Але абяцалі ў чэрвені прадаць цыбулю. Паглядзім, ці падмануць”, – адзначае Мікола Статкевіч.

4 траўня ў Шклоўскай калоніі №17 суддзя Баранцава асудзіла Міколу Статкевіча на перавод у турму, дзе яму давядзецца адбыць 1 год, адзін месяц і 15 дзён, то бок да канца тэрміну зняволення.

Беларуская праўда