Актуальна

Мікола Статкевіч: Улада адчувае, што расце нянавісць да яе

Цяпер у турму можна трапіць нават за перашкоду ў працы Цэнтрвыбаркаму. Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон, якія ўводзяць крымінальную адказнасць за экстрэмізм.

Змены выклікаюць шмат перасцярог з боку праваабаронцаў, незалежных медыяў і апазіцыйных палітыкаў, бо не сакрэт, што ўлады паняцце экстрэмізму разумеюць досыць шырока.

Крымінальная адказнасць цяпер прадугледжаная за стварэнне і фінансаванне экстрэмісцкага фармавання ды ўдзел ва ўзброеным канфлікце на баку замежнай дзяржавы. Асцярожней варта быць і з рэчывамі ды прадметамі, з якіх можна зрабіць кактэйль Молатава. За іх набыццё, захоўванне і перадаванне іншым людзям можна нават трапіць за краты на тэрмін да двух гадоў.

Экстрэмізм, згодна з новымі праўкамі, – гэта і арганізацыя ды ажыццяўленне масавых закалотаў, хуліганскіх дзеянняў ды актаў вандалізму паводле матываў расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці. А таксама перашкода ў працы дзяржаўных органаў.

Палітык, былы палітвязень Мікола Статкевіч заўважыў, што гэтыя папраўкі ў заканадаўстве скіраваныя супраць усіх, хто незадаволены ўладай, асабліва супраць маладой і актыўнай часткі беларускага грамадства. «Улада адчувае, што ў грамадстве расце нянавісць да яе. І яна палохаецца і стараецца застрашыць грамадства», – заўважыў палітык.

На ягоную думку, беларускае грамадства дастаткова лёгка палохаецца, але толькі да пэўнай мяжы. «Я думаю, што некалі грамадства, і не праз доўгі час, пяройдзе тую мяжу, за якой страх скончыцца і пачнуцца нейкія некіраваныяпрацэсы», – мяркуе былы палітвязень.

Паводле яго, беларусы будуць выяўляць незадаволенасць з загадзя прапісаных вынікаў парламенцкіх выбараў. «Таму ўлады таксама рыхтуюцца і на гэты выпадак. Яны выдатна прагназуюць кірункі магчымай небяспекі. Яны ведаюць, што яны ўкралі, што яны тут вырабілі і на што будзе рэагаваць грамадства. І там яны ставяць рагаткі, ставяць пасткі, ствараюць магчымасці, каб людзей караць за іхную натуральную рэакцыю на злачынствы ўладаў», – заўважыў палітык.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu