Міколу Статкевіча арыштавалі на 5 сутак. Іншых пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу аштрафавалі

У Ленінскім судзе Берасьця прайшлі суды над удзельнікамі акцыіпраціўнікаў акумулятарнага заводу, якая прайшла на цэнтральнай плошчы гораду 14 кастрычніка.

Вядома, што ноч у ізалятары правялі палітык Мікола Статкевіч, блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, яшчэ некалькі чалавек, затрыманых падчас акцыі. Ня выйшаў з пастарунку і праваабаронца Раман Кісьляк, якога выклікалі позвай у міліцыю.

Алег Вялаў, якога затрымалі 14 кастрычніка каля Ленінскага РАУС, заявіў хадайніцтва аб адвакаце, суд перанесьлі на 16 кастрычніка.

Рамана Кісьляка хуткая дапамога завезла зь Ленінскага РАУС у лякарню, у яго ўзьняўся ціск. Ён быў затрыманы пасьля таго, як прыйшоў 14 кастрычніка ў Ленінскі РАУС па позьве. Ноч правёў у пастарунку. Праваабаронца паведаміў Свабодзе, што яму ўручылі позву ў суд на 18 кастрычніка, будуць судзіць за ўдзел у акцыі, якая адбылася ўчора. Цяпер ён праходзіць абсьледаваньне ў лякарні.

Дзьмітрыя Андрасюка пакаралі штрафам у 40 базавых велічыняў (980 рублёў)

На 10 базавых велічыняў (245 рублёў) аштрафаваныя

  • Віталь Казак,
  • Уладзімер Казлоўскі,
  • Уладзімер Мароз,
  • Рыгор Пагарцаў («Народная грамада», Менск)
  • Андрэй Сьліж.

Пэнсіянэрку Людмілу Карчэўскую пакаралі 5 базавымі велічынямі штрафу (122 рублі 50 капеек).

Увечары адным з апошнім асудзілі Міколу Статкевіча — яго пакаралі 5 суткамі арышту

Суды над блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым перанесьлі на 16 кастрычніка, яны падалі хадайніцтвы, каб ім далі час для заключэньня дамоваў з адвакатамі.

***

Акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасьці штонядзелі некалькі месяцаў. Звычайна яны праходзяць ціха, бязь лёзунгаў і транспарантаў. Аднак цягам двух апошніх тыдняў некаторых удзельнікаў затрымлівалі і судзілі.

У мінулую нядзелю берасьцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў прыйшлі на плошчу 14 кастрычніка з расьцяжкай супраць будаўніцтва заводу. На акцыю прыехаў і апазыцыйны палітык Мікола Статкевіч.

Акцыя завяршылася нестандартна — людзі самі падышлі да аўтазака і спыталіся, ці будуць затрымліваць блогераў Кабанава і Пятрухіна. Міліцыянты затрымалі іх, а таксама Статкевіча.

Пасьля людзі вырашылі рушыць да Ленінскага РАУС, каб «маральна падтрымаць затрыманых». Па дарозе міліцыянты забралі яшчэ некалькіх чалавек, а таксама 6 чалавек — непасрэдна каля РАУС.

Радыё Свабода