Навіны

Мітынг і шэсце на Дзень Волі: без затрыманняў не вытрымалі

24 сакавіка 2013 года ў шэсці ўзялі ўдзел больш за тысячу асобаў, аднак на Бангалоры ад асноўнай масы ўдзельнікаў аддзяліліся сябры «Маладога фронту». Мітынг працягваўся трохі болей за 25 хвілінаў. Пасля заканчэння мітынгу былі затрыманыя сем чалавек. Яны дастаўленыя ў Савецкі РУУС Менску.

Для тых, хто не змог узяць удзелу ў акцыі, «Белсат» арганізаваў онлайн рэпартаж з відэаўключэннямі на сайце belsat.eu.

19.00

Назіральнікі ПЦ “Вясна” з Савецкага РУУСНа праз Таццяну Равяку перадаюць: на 8 затрыманых удзельнікаў Дня Волі ў Менску складзеныя пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.34 – парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Сярод іх – грамадзяне Украіны.Заўтра, 25 сакавіка, суды. Савецкі раён. 

18.50 

Стала вядома, што затрыманыя ўкраінцы, хутчэй за ўсё, – сябры моладзевай арганізацыі “Нацыянальныальянс”. Іх імёны – Юлія Грышчук, Юлія Слівінская і Назар Зеліноўскі. У рамках праекта “Украінскаяпрысутнасць” яны мелі падняць ўкраінскія сцягі на акцыі з нагоды Дня Волі ў Мінску. Пасольства Украіныспрабуе высветліць лёс затрыманых.

17.00

Праваабаронцы падаюць лічбу затрыманых: дзесяць чалавек, з іх двое адпушчаных. Паводле Радыё “Свабода”, дзяжурны ва ўкраінскай амбасадзе сказаў, што сёння па дапамогу ніхто не звяртаўся.

16.00

Дзмітрыя Кавалгіна і Станіслава Рамановіча адпусцілі без складання пратаколаў. Як паведамляюць праваабаронцы, трое з шасці затрыманых на гэты момант – грамадзяне Украіны.

15.32

Агулам затрымалі восем чалавек. Удзельнікі акцыі дастаўленыя ў Савецкі РУУС сталіцы. Сярод іх актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Алег Рагоўскі і Мікіта Кавалёў, а таксама выканаўца абавязкаў кіраўніка моладзевай структуры АГП «Маладыя дэмакраты» Дзьмітры Кавалгін.

15.00

Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, каля “Макдональдсу” на вуліцы Багдановіча затрымалі чацвёх ўдзельнікаў акцыі.

14.50

Усё ж такі без затрыманняў не абышлося. Міліцыянты хапаюць удзельнікаў акцыі нават у грамадскім транспарце. Шукаюць людзей з нацыянальнай сімволікай і партрэтамі палітвязняў

14.32

Аляксей Янукевіч агулам пазітыўна ацаніў акцыю. Беручы пад увагу надвор\’е, чакалася меншая колькасць удзельнікаў.


14.25

Пасля гэтых словаў, мітынг, які пачаўся а 14 гадзіне, скончыўся. Арганізатары заклікалі ўсіх прыходзіць заўтра на офіс БНФ, каб разам з імі адсвяткаваць угодкі БНР. Там будзе святочны канцэрт і круглыя сталы.

14.20

Міліцыя папарэджвае, што будуць затрыманыя тыя, хто прынёс плакаты. Віталь Рымашэўскі заклікае людзей не баяцца. Сабраныя адзінагалосна ацанілі папярэджанне скандуючы “Ганьба!”. Плакаты і сцягі, Рымашэўскі прапаноўвае аддаць арганізатарам.

14.08

З гукаўзмацняльнай апаратуры пранеслі толькі мегафон. Прамаўляе Дзяніс Садоўскі. Людзі грэюцца, як могуць – спяваюць народныя песні, водзяць хараводы і прамоўцаў асабліва не слухаюць.

Тыя, хто чуе прамоўцаў скандуюць “Сыходзь!” і “Свабоду палітвязням!”.

13.55

Малады Фронт адкалоўся ад калоны. Да Бангалора дайшло відавочна менш людзей, чымся ішло ў калоне. Праахоўнікі выглядаюць напружанымі, размаўляюць з людзмі рэзка, аднак без абразаў. Невядомы аператар залез на сцэну і здымае людзей адтуль, не звяртаючы ўвагі на арганізатараў.

13.46

Мастак Мікола Купала павіншаваў усіх беларусаў з Днём Волі і заклікаў усіх далучацца да святкавання: “Нам гэта неабходна, каб адчуваць глебу пад нагамі. У гэты дзень ня трэба дзяліцца на рухі і партыі, а віншаваць адзін аднаго”.

Тым часам людзі праходзяць на месца правядзення мітынгу. Некаторыя з недаверам глядзяць на міліцыянтаў, якія актыўна правяраюць усе торбы.

13.41

Калонна ўжо ў Парку дружбы народаў. Там мёрзнуць міліцыянты з металашукальнікамі і прадстаўнікі невядомых СМІ. Людзі спяваюць песні гурта “Ляпис Трубецкой” і перыядычна скандуюць “Жыве Беларусь!”

13.30

Для мінакоў калона людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і партрэтамі палітзняволеных відавочна, стала нечаканасцю. Аўтамабілісты ж падтрымліваюць шэсце гудкамі. 

13.21

Працягваюць запускаць феерверкі. Людзі ўжо не пужаюцца, а крычаць “Ура!”. Міліцыянты гэткага энтузіязму не падтрымліваюць.

13.15

На Бангалоры ўдзельнікаў акцыі ўжо чакаюць металашукальнікі ды турнікеты. Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч падзяліўся з «Белсатам», што арганізатары не чакалі такой вялікай (каля тысячы асобаў) колькасці ўдзельнікаў і вельмі радыя, што на акцыі прысутнічаюць амаль усе дэмакратычныя сілы.

Пакуль калона цягнулася да парку Дружбы народаў, у дварах прагучалі выбухі феерверкаў. Ці гэткім чынам невядомыя вырашылі падтрымаць акцыю, ці мелі іншую мэту – невядома, але людзі трохі занерваваліся.


13.10

Журналістку «Нашай Нівы» Таццяну Гаўрыльчык адпусцілі з апорнага пункту. Міліцыянты прыйшлі да высновы, што здымаць іх усё ж такі можна.

12.59

Міліцыянты пільна ахоўваюць бяспеку калоны і ўсё спіхваюць шэсце на больш вузкі, не ачышчаны ад снегу ходнік. Калона ўсцяж рухаецца вельмі павольна. Сярод партрэтаў палітзняволеных заўважанае фота Ірыны Халіп.

12.50

Відавочна, што ўдзельнікам акцыі не хапае месца на ходніку. Калона рухаецца вельмі паволі. Мінакі, якія не ўдзельнічаюць у акцыі, таксама не ў захапленні, некаторыя не ашчаджаюць сваіх каштоўных увагаў на конт таго, колькі зарабілі ўдзельнікі шэсця за прыход сюды.

12.38

Удзельнікі шчыльнымі радамі ў форме калоны рухаюцца да вуліцы Сурганава. Скандуюць “Верым! Можам! Пераможам!”. Першыя шэрагі нясуць партрэты палітвязняў і заклікаюць да іхнага вызвалення. Дарэчы міліцыянтаў у форме вельмі мала. Цікава, Таццяну Гаўрыльчык затрымалі за здымкі тых , што ў цывільным, ці тых, якія ў форме? 

12.32

Аляскандр Мілінкевіч павіншаваў усіх беларусаў з Днём Волі. “Гэта свята для ўсіх, хто любіць Беларусь. Цяпер спрачаюцца: ці варта выходзіць на вуліцу, ці варта падстаўляць сябе пад дручкі. А ці варта было рабіць паўстанне Каліноўскага, Касцюшкі? Без моцнага духа, без веры ў тое, што маральнае важнейшае за матэрыяльнае немагчыма перамагчы”, – заявіў палітык.

12.30

Як удалося даведацца нашым карэспандэнтам, журналістка “Нашай Нівы” Таццяна Гаўрыльчык затрыманая за тое, што “здымала на камеру міліцыянераў”. 

Пачатак калоны з прыкладна тысячы ўдзельнікаў рушыў у бок Бангалора. Людзі спарадычна скандуюць “Жыве Беларусь!” і заклікаюць вызваліць палітвязняў. Шмат бел-чырвона-белых сцягоў і штандараў хіба кожнай палітычнай партыі.

12.21

Людзей ужо каля пяці соцен. Некаторыя скандуюць “Жыве Беларусь”, іншыя заклікаюць да вызвалення палітвязняў. Бачныя партрэты зніклых Карпенкі і Ганчара. разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Людзі ўсцяж не заходзяць на агароджаную пляцоўку. Міліцыянеры за турнікетамі сумуюць.

Таксама на акцыі можна паставіць подпіс “за будаўніцтва помніку Кастусю Каліноўскаму ў Менску”. Прынамсі некалькі маладых людзей трымаюць адпаведны плакат. 

12.18

Затрыманая журналістка “Нашай Нівы” Таня Гаўрыльчык. Яна зараз знаходзіцца ў апорным пункце ў метро Акадэміі Навук.

12.15

Многія з прысутных апранулі бел-чырвона-белыя шалікі. У натоўпе нясмела гучыць: “забілі прэсу – заб\’юць і фэйсбук!”. Змог прыехаць гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, які пасля зняцця абвінавачанняў можа выехаць за межы Горадні. Невялікая група пажылых людзей спявае “Магутны Божа”.

12.08

Удзельнікі ўсцяж не спяшаюцца заходзіць на агароджаную турнікетамі, металашукальнікамі і міліцыянтамі пляцоўку. Людзей каля трох соцен. Арганізатары збіраюцца рушыць на Бангалор а 12.30.

Удзельнікі акцыі збіраюцца ля кінатэатра “Кастрычнік”

11.59

Разам з журналістамі каля пляцоўкі трохі болей за сотню чалавек. Акрамя ўдзельнікаў шэсця, бачныя і журналісты невядомых СМІ ў цывільным. Яны старанна здымаюць акцыю на камеры. Прыйшлі нікаторыя арганізатары Віктар Івашкевіч, Аляксей Янукевіч і Віталь Рымашэўскі.

11.50

На месцы ўжо некалькі дзясяткаў удзельнікаў. Пляцоўка каля кінатэатра ачэпленая міліцыяй, усталяваныя рамкі-металашукальнікі. Разгарнулі першыя бел-чырвона-белыя сцягі.

Арганізатары інфармуюць, што Менгарвыканкам забараніў выкарыстоўваць падчас шэсця сімволіку і транспаранты. Тым не менш заяўнікі акцыі спадзяюцца на крэатыўнасць удзельнікаў святкавання.

М.Л., belsat.eu