Мітынг прадпрымальнікаў ператварыўся ў несанкцыянаванае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці
Да дробных бізнэсоўцаў далучыліся актывісты і лідэры апазыцыі, некалькі соцень пратэстоўцаў прайшлі шэсьцем па праспэкце Незалежнасьці пад нацыянальнымі сьцягамі. Затрыманьняў не было.
На плошчы Незалежнасьці скончыўся чарговы мітынг прадпрымальнікаў, якія пратэстуюць супраць указу № 222. Удзел у ім узялі каля 300 чалавек.
Мітынг пачаўся на Кастрычніцкай плошчы, а праз паўтары гадзіны перамясьціўся на плошчу Незалежнасьці.
Акцыя скончылася без затрыманьняў, але на некалькіх удзельнікаў мітынгу складзеныя пратаколы, нягледзячы на тое, што Анатоль Лябедзька і Аляксандар Макаеў заклікалі ўдзельнікаў не даваць міліцынтам пашпартныя зьвесткі.
Акцыю прадпрымальнікаў падтрымала рэжысэрка Вольга Нікалайчык, якая правяла пэрфоманс пад назвай «Рынак-222».
Яна прынесла торбу рэчаў, якія сапсаваліся за той час, пакуль прадпрымальнікі не працавалі. Людзі, якія сабраліся на плошчы, хорам вызначылі, каму якую рэч аддаць. «Абноўкі» атрымалі Аляксандар Лукашэнка, Лідзія Ярмошына, Андрэй Кабякоў, сілавікі, міністры фінансаў і эканомікі.
Разам з прадпрымальнікамі на плошчу выйшлі шмат абураных падвышэньнем тарыфаў камунальных паслуг. У інтэрвію Свабодзе пэнсіянэры казалі, што пасьля аплаты жыровак пэнсіі не хапае нават на харчаваньне.
Шэраг людзей, якія прыйшлі на мітынг, заявілі, што прыйшлі на плошчу, таму што яны хочуць празрыстай улады.
З прапановы Паўла Севярынца ўдзельнікі мітынгу прагаласавалі за далучэньне да абвешчанага прадпрымальнікамі маршу прадпрымальнікаў 14 сакавіка.
«Гэты рэжым абрынецца рана ці позна. Але каб паскорыць гэты працэс, трэба салідарнасьць», — сказаў Севярынец. Ён заклікаў устрымацца ад узаемнай крытыкі і абвінавачваньняў.
Пасьля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікі акцыі вырашылі перамясьціцца на плошчу Незалежнасьці.
На сваім шляху людзі скандавалі: «Работу! Салідарнасьць! Жыве Беларусь!» Адказнасьць за шэсьце ўзяў на сябе прадпрымальнік Аляксандар Макаеў.
Калі Чырвонага касьцёла, дзе спыніліся ўдзельнікі акцыі, прагучала некалькі палітычных прамоваў пра нелегітымнасьць кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі і малітва за Беларусь.
Наступная акцыя прадпрымальнікаў адбудзецца 14 сакавіка. Лідэр грамадзкай кампаніі «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка і палітык Мікола Статкевіч падалі заяўку на правядзеньне маршу ў гэты дзень.