Рэзалюцыі і заявы ЦК Народнай Грамады

28 лютага 2016 года ў Мінску адбылося пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта Народнай Грамады. У пасяджэнні ўзяў удзел Генеральны сакратар Сацыялістычнага Інтэрнацыянала Луіс Аяла.

Прыводзім тэксты дакументаў, прынятых ЦК на сённяшнім паседжанні:      

                                                                     ¤ ¤ ¤

        ПАЛІТЫЧНАЯ, ЭКАНАМІЧНАЯ І САЦЫЯЛЬНАЯ СІТУАЦЫЯ Ў КРАІНЕ,

                    МАГЧЫМЫЯ НАКІРУНКІ ЯЕ ЗМЕНАЎ І ЗАДАЧЫ ПАРТЫІ

                                  Рэзалюцыя Цэнтральнага аргкамітэта  БСДП(НГ)

 ЦК канстатуе, што палітыка рэжыму завяла краіну ў небяспечны тупік. Мадэль кіруемай адным чалавекам эканомікі, пры яе бясспрэчнай эфектыўнасці для захавання палітычнага і эканамічнага кантролю над грамадствам, з кожным годам выяўляла сваю ўсё большую неканкурэнтаздольнасць на сусветных рынках. Для свайго існавання яна патрабавала ўсё большых датацыяў, што прымусіла рэжым паставіць Беларусь у небяспечную глабальную залежнасць ад Расіі – адзінай магчымай для яго крыніцы такіх датацый. Калі ж магчымасці Крамля па ўтрыманню беларускага рэжыму кардынальна зменшыліся, Беларусь, следам за Расіяй, абрынулася ў крызіс. Пачалася агонія сацыяльна-эканамічнай мадэлі рэжыму.

 Неабходнасць запазбегнуць краху прымусіла рэжым да пошуку іншых крыніц фінансавання. Спробы атрымаць такое фінансаванне ад Захаду прывялі да часовай дээскалацыі палітычных рэпрэсіяй супраць беларускага грамадства. Былі вызвалены палітвязні, спыніліся арышты дэмакратычных актывістаў. Але каласальная рэпрэсіўная машына рэжыму захоўваецца ў поўнай гатоўнасці да актывізацыі сваёй дзейнасці.

Заходняя фінансавая дапамога патрэбна рэжыму не для правядзення рынкавых эканамічных рэформаў, якія ён  разглядае, як пагрозу свайму існаванню, а для таго, каб запазбегнуць іх. У чаканні ўратавальных крэдытаў рэжым прымушае плаціць за правал сваёй эканамічнай палітыкі простых грамадзянаў. Падаюць заробкі, растуць кошты паслугаў ЖКГ, уводзяцца ўсё новыя падаткі. Дзеля таго, каб прымусіць спажыўцоў набываць часта дарагую і непапулярную прадукцыю нерэфармаванай беларускай лёгкай прамысловасці, рэжым уводзіць абмежаванні на ўвоз ці атрыманне грамадзянамі рэчаў з-за мяжы. Улады ўвялі такія абмежаванні на працу індывідуальных прадпрымальнікаў, якія могуць прывесці да ліквідацыі іх бізнэса.

Улады плануюць падвышэнне пенсійнага ўзросту, на многіх заводах скарочаны працоўны тыдзень,  падае рэальная заработная плата. Пры гэтым не прынятыя меры па скарачэнню колькасці чыноўнікаў, аптымізацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання. Сітуацыя пагражае дэмаграфічным крызісам, маладыя сем’і не могуць дазволіць сабе планаваць дзяцей.

Палітыка рэжыму прывяла да рэзкага падзення жыццёвага ўзроўню людзей. У выніку ў грамадстве пачаўся рост сацыяльнай напружанасці, які ўжо выклікаў акцыі сацыяльнага пратэсту.

Каб самазахавацца, рэжым спрабуе таксама павялічыць эканамічную дапамогу ад Расіі, якая патрабуе ўсё большых саступак палітычнага, эканамічнага і ваеннага суверэнітэту. Адмова ад такіх саступак павялічвае верагоднасць расійскага ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, у тым ліку і сілавога. Ізноў рэзка ўзрастае пагроза незалежнасці нашай краіны. Беларусь апынаецца на парозе драматычных падзей.

У такіх варунках сябры Народнай Грамады бачаць сваімі мэтамі абарону незалежнасці краіны, барацьбу за ўсталяванне ў Беларусі дэмакратычна абранай улады, абарону палітычных, эканамічных і сацыяльных правоў грамадзянаў. Дзеля дасягнення гэтых мэтаў мы ставім наступныя задачы:

  • Кансалідацыя дэмакратычных еўрапейскіх сілаў краіны. Мы заяўляем пра падтрымку ідэі Кангрэсу дэмакратычных сілаў і даручаем нашым рэгіянальным аргкамітэтам распачаць працу па арганізацыі і правядзенню Кангрэсу. Мы гатовыя супольна  з іншымі ўдзельнікамі Кангрэсу прапанаваць грамадству праграму вываду краіны з крызісу.
  • Арганізацыя ці падтрымка акцый у абарону незалежнасці краіны. Мы заяўляем пра сваю гатоўнасць бараніць Беларусь усімі  даступнымі нам сродкамі. 
  • Падтрымка барацьбы грамадзянаў за свае палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы. Мы будзем аказваць дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні акцый і кампаній у абарону гэтых правоў. Мы будзем пашыраць супрацоўніцтва з прафесійнымі і грамадскімі аб’яднаннямі.
  • Выкарыстанне палітычных кампаній рэжыму дзеля барацьбы за дэмакратыю. Мы заяўляем пра свой намер узяць удзел у так званых “выбарах” у палату прадстаўнікоў. Мы заклікаем усе еўрапейскія сілы краіны да фармавання адзінага спіса кандыдатаў у дэпутаты.  Мы выкарыстаем гэтую кампанію, каб прапагандаваць праграму рэформаў, зацверджаную Кангрэсам, каб сабраць доказы фальсіфікацыяў, калі яны будуць. Мы заяўляем аб праве грамадзянаў на мірны пратэст супраць фальсіфікацыяў выбараў.
  • Пашырэнне шэрагаў партыі. Мы даручаем рэгіянальным аргкамітэтам працаваць над умацаваннем Народнай Грамады.  Мы заклікаем тых, каму неабыякавы лёс краіны, далучацца да нашай барацьбы. 

                                      Жыве Беларусь!

 г. Мінск                                                                                               28 лютага 2016 г.

¤ ¤ ¤

РЭЗАЛЮЦЫЯ ЦЭНТРАЛЬНАГА АРГКАМІТЭТА БСДП (НГ)

ПА МАЛОМУ І СЯРЭДНЯМУ БІЗНЕСУ.

 Мы выразна разумеем, што:

  1. Дзеянні ўладаў Беларусі, якія ажыццяўляюць кіраванне палітычнымі і эканамічнымі працэсамі дзяржавы прывялі да рэзкага зніжэння дабрабыту грамадзян, іх ўзроўню жыцця, страты працоўных месцаў. Гэтыя працэсы закранулі і малы бізнес. Прынятыя ўказы Лукашэнкі А.Р. № 222, № 48 цалкам паралізавалі дзейнасць 120 000 прадпрымальнікаў і яшчэ соцень тысяч грамадзян, уцягнутых у гэтую сферу эканомікі, якія страцілі працу з 01.01.2016 г., а таксама сферы, якія задзейнічалі ў сваёй працы ІП. Таксама пазбавіліся магчымасці набываць якасныя тавары, шырокага асартыменту і па прымальным цэнам мільёны простых грамадзян Беларусі. Бюджэт Рэспублікі Беларусь страціў даходную частку, якая складаецца з прамых і ўскосных адлічэнняў ІП ад сваёй дзейнасці. Гэтая праблема мае вялікае сацыяльнае значэнне для нашых грамадзян, асабліва ў цяперашніх умовах сістэмнага крызісу.
  2. Улада выбрала курс на канцэнтраванне  ўсіх сфер эканомікі ў сваіх руках, праз пазбаўленне эканамічнай свабоды, абмежаванне ў сваіх правах грамадзян, дзеля забяспячэння кантралявання фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў правячай наменклатуры.
  3. Месца малому і сярэдняму бізнесу ў эканамічнай мадэлі цяперашняй улады – няма.
  4. Уся адказнасць за развал малога і сярэдняга бізнесу ляжыць на цяперашняй уладзе.

Цэнтральны аргкамітэт Народнай Грамады:

усведамляе важнасць рынкавай, сацыяльна арыентаванай эканомікі з апорай на малы і сярэдні бізнес і бачыць яе, як аснову эканомікі краіны;

прызнае задачай дэмакратыі абарону правоў і свабод прадпрымальнікаў, якія з\’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь;

заклікае прадпрымальнікаў і грамадзян Рэспублікі Беларусь адстойваць права на свабодны, самастойны выбар сваёй сферы занятасці усімі даступнымі і гарантаванымі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сродкамі.

 г. Мінск                                                                                            28 лютага 2016 г.

 ¤ ¤ ¤

                ДА 25-ГОДДЗЯ АДНАЎЛЕННЯ БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫІ

Заява Цэнтральнага аргкамітэта БСДП(НГ)

 

2 сакавіка 1991 года адбыўся устаноўчы з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. У Беларусі пасля дзесяцігоддзяў камуністычнага таталітарызму была адноўлена сацыял-дэмакратычная традыцыя, распачатая Беларускай сацыялістычнай Грамадой, лідарам якой наша краіна абавязаная першай у ХХ стагоддзі спробай зрабіць Беларусь незалежнай. Недарэмна 25 сакавіка 1918 года з’яўляецца лёсаноснай  датай для кожнага беларускага патрыёта.

БСДГ, якая ў 1996 годзе была пераўтворана ў БСДП(НГ), зрабіла свой важкі ўнёсак у беларускую справу, у абарону незалежнасці нашай краіны і правоў яе грамадзянаў. Беларускія сацыял-дэмакраты працавалі ў Вярхоўных Саветах 12-га і 13-га склікання, дзе баранілі незалежнасць, Канстытуцыю і правы сваіх выбаршчыкаў. І зараз многія з нас, пасля ліквідацыі дыктатурай інстытута парламентарызму ў Беларусі, працягваюць бараніць правы простых людзей  у прафесійных саюзах і грамадскіх аб’яднаннях.

Народная Грамада ў другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўзначаліла вулічную барацьбу супраць здачы рэжымам незалежнасці краіны. Разам з дзесяткамі тысячаў грамадзянаў краіны мы спынілі тады спробу дзяржаўнай здрады. Многія з нашых сябраў заплацілі за гэта арыштамі, пераследам, стратай працы ці вучобы. Але мы працягнулі барацьбу с дыктатурай.

Рэжым зрабіў усё мажлівае, каб спыніць нашу барацьбу. Крымінальная справа супраць нашага лідара і канфлікт  у партыі напярэдадні  прэзідэнцкіх выбараў зрабіліся традыцыяй. Урэшце, 11 гадоў таму Народная Грамада была пазбаўлена рэгістрацыі. Потым пачаліся персанальныя рэпрэсіі супраць нашага лідара, які з 2005 па 2015 год правёў на свабодзе толькі 3 гады.

Але мы не спыняем нашай барацьбы. Мы годна нясем  сцяг беларускай сацыял-дэмакратыі, узняты ў пачатку мінулага стагоддзя нашымі папярэднікамі. І мы ўпэўнены, што нашыя ідэалы – свабода, справядлівасць і салідарнасць, урэшце перамогуць на беларускай зямлі.

                    Жыве Беларусь!

         г. Мінск                                                                                            28 лютага 2016 г.