Навіны

“Мне дастаткова проста светлага неба…”

Мікалай Статкевіч просіць перадаваць кнігі жонцы і кажа, што на прагулцы ён не можа бачыць сонца, але яму дастаткова светлага неба.

Мікалай Статкевіч напісаў у лісце, што ведае пра шматлікія спробы сяброў пераслаць яму кнігі. Але ж, на жаль, атрымаць іх ён не можа, і таму просіць перадаваць іх жонцы, каб яна захавала для яго гэтую праяву салідарнасці – кнігі.

Працягваючы тэму захавання фізічнага здароўя і магчымасці бачыць сонца, Мікалай Віктаравіч узгадаў:

“Запамятаў напісаць – насамрэч, зараз на прагулку выводзяць а палове на дзесятую, радзей – на пачатку адзінаццатай. Але, нават, калі б сонца ў небе было відно, то на ўзроўні вачэй яно б зрабілася відным у апоўдзень недзе напрыканцы лютага – сцены прагулачных дворыкаў дастаткова высокія. Праўда, мне дастаткова проста светлага неба”.