Навіны

Моўны рэфэрэндум стаў катастрофай для беларушчыны

У гэтым перакананыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, якіх Свабода папрасіла ацаніць наступствы рэфэрэндуму 1995 году для беларускай мовы.

14 траўня споўнілася 20 гадоў, як у Беларусі прайшоў рэфэрэндум у пытаньнях дзяржаўнасьці расейскай мовы, дзяржаўных сымбаляў, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

У выніку рэфэрэндуму краіна зьмяніла дзяржаўную сымболіку часоў адноўленай незалежнасьці — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг — на падпраўленыя савецкія сымбалі. Дзяржаўны статус набыла ня толькі беларуская, але і расейская мова.

Як зьмянілася становішча мовы тытульнай нацыі за 20 гадоў афіцыйнага дзьвюхмоўя? Адмыслоўцы ў галіне мовы заяўляюць, што наступствы рэфэрэндуму для беларускай мовы мелі катастрафічны вынік.

Мацкевіч: Беларускую школу гвалтоўна зьнішчылі

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч перакананая, што беларуская школа ў Беларусі вынішчаная, і менавіта ў выніку рэфэрэндуму:

«Пасьля гэтага рэфэрэндуму, вынікаў якога мы ня ведаем — як я разумею, гэта была першая адпрацоўка фальсыфікацыяў, — распачалося гвалтоўнае зьнішчэньне беларускай школы. Гэта я кажу ня толькі як намесьніца старшыні ТБШ, але і як маці, у якой дзіця пайшло ў тым жа 1995 годзе ў першы кляс. Я цудоўна памятаю, як зь дзесяці беларускамоўных клясаў, дзе не было ніводнага пярэчаньня бацькоў, засталося толькі два. Астатніх — гвалтам прымусілі перапісаць заявы ў расейскамоўныя клясы.

Таксама ўлады зьнішчылі беларускамоўныя профільныя клясы — як я разумею, каб беларусы ня мелі магчымасьці атрымліваць больш якасныя веды. Да 2009 году мы маем усе лічбы, якія сьведчаць пра сыстэмнае зьмяншэньне беларускамоўнай адукацыі, але пазьней Міністэрства адукацыі пачало іх хаваць. Тым ня менш вядома, што ў 1990-я гады 21% вучняў у Менску навучаўся па-беларуску. Таму поўная хлусьня, калі кажуць, што была гвалтоўная беларусізацыя. А праз гэтыя 20 гадоў беларускамоўных вучняў засталося менш за 2%. Гэта пяць школ на амаль двухмільённы горад.

Беларускамоўнае навучаньне зьнішчанае фактычна ва ўсіх абласных гарадах, а ў Віцебскай вобласьці беларускай школы няма ў ніводным горадзе. Што тычыцца вясковых школаў, пра якія часта любяць казаць, то, па-першае, яны не зьяўляюцца цалкам беларускімі, па-другое, колькасьць вучняў там вельмі малая, і па-трэцяе — і гэтыя школы зачыняюцца, бо вёска вымірае. Наступствы гэтага рэфэрэндуму былі катастрофай ня толькі для мовы, але і для беларускай нацыі наагул».

Трусаў: Мова не загінула, хоць усе шанцы на гэта былі

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Алег Трусаў мяркуе, што горшы час для беларускай мовы прамінуў:

«Галоўнае, што праз гэтыя 20 гадоў беларуская мова не загінула, хоць усе шанцы на гэта былі. Найбольш крытычны момант быў у пэрыяд з 1995-га да 1999-га — году перапісу насельніцтва, які меў нечаканыя вынікі — большасьць людзей назвалі беларускую мову роднай. Гэтае пяцігодзьдзе было самае страшнае, а пасьля распачалося паступовае адраджэньне. І распачалося ад гарадзкога насельніцтва вялікіх гарадоў, асабліва Менску. Гэта новы сярэдні кляс, беларуская інтэлігенцыя, моладзь, вэтэраны, патрыёты. Нездарма курсы беларускамоўныя зьявіліся, па-беларуску загаварыў бізнэс і спорт. Гэта значыць, ня зь вёскі, як раней было, а з гораду — вёска перастала быць цэнтрам беларушчыны. І ўпершыню дзяржава ня лае беларушчыну і на словах нібыта „за“. Рабіць яна нічога ня робіць у гэтым кірунку, але і не перашкаджае, як гэта было раней.

Калі ня будзе расейскай акупацыі, то праз пэўны час улады зьменяцца, а новыя будуць больш прыхільныя да беларушчыны, гэта бачна па ўсіх прыкметах. Але самае страшнае — гэта магчымая акупацыя нашай краіны так званым „русским миром“. Гэтая небясьпека — акупацыі палітычнай, з уводам войскаў, танкаў — яна рэальная, і пасьля Крыму гэтая пагроза вісіць над намі штодня».

Логвінаў: Ідзе генацыд беларускай культуры на карысьць расейскай

Выдавец Ігар Логвінаў, які выдае ў пераважнай бальшыні беларускую літаратуру, кажа, што ў выніку рэфэрэндуму адбываецца генацыд беларушчыны:

«Былі і плюсы ў гэтым рэфэрэндуме: чым больш моваў, тым большае культурнае поле. Але нэгатыў у тым, што беларуская мова і літаратура засталіся на ранейшым узроўні і разьвіваюцца ня гэтак інтэнсіўна, як, скажам, ва Ўкраіне ці ў Літве. Гэта значыць — няма такога якаснага скачку і не адчуваецца зацікаўленасьці з боку дзяржавы ў гэтым разьвіцьці. І на гэтым полі ёсьць адчуваньне генацыду беларускай культуры адносна расейскай».

Някляеў: «Рэфэрэндум 1995 году — дзяржаўнае злачынства»

Паэт, былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязеньУладзімер Някляеў называе рэфэрэндум дзяржаўным злачынствам:

«Калі чатыры гады таму, падчас суду, які хоць і ня тычыўся рэфэрэндуму, але я пра яго ў залі казаў, то нават судзьдзя і пракурор ніякавата апускалі вочы. Бо я ня толькі пра мову казаў, але і пра нацыянальныя сымбалі. Згадваў, як зь імі абышліся: як рвалі сьцяг, зьневажалі герб. Гэта сьвятатацтва, найвялікшы грэх. І гэта разумее кожны нармальны чалавек, апроч тых, хто гэта зрабіў.

Як гэта паўплывала на разьвіцьцё літаратуры, культуры — увогуле на разьвіцьцё краіны? Ініцыятары той дзеі даводзяць, што станоўча. Дык вось: няма тут чым ганарыцца, і апроч сораму тут увогуле нічога ня можа быць. Бо відавочны нэгатыўны ўплыў рэфэрэндуму 1995 году. Ён ніяк не скансалідаваў нацыю, а наадварот, разьяднаў. Выйдзіце на вуліцу зь бел-чырвона-белым сьцягам — гістарычным сымбалем гэтай краіны і гэтай зямлі — і што вы будзеце мець? Дручкі міліцыянтаў — гэта кансалідацыя нацыі?

Я некалькі разоў размаўляў з Лукашэнкам, калі быў старшынём Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, пра тое, што трэба ўраўнаважыць гэтую сытуацыю. Калі вам ужо гэтак карціць стварыць гэты „захад над балотам“, то рабіце, але не зьневажайце, не выкідвайце глыбокую нацыянальную гісторыю — зацьвердзіце гэтыя гістарычныя сымбалі. Не, нізавошта. Бо разумеў, што менавіта гэта кансалідуе тыя сілы, якія стаяць, каб Беларусь заставалася беларускай, а ня стала ці калёніяй Расеі, ці яе правінцыяй. Гэта дзяржаўнае злачынства, і я колькі разоў ужо казаў, што яны за гэта будуць адказваць. І суд будзе не над тымі, хто сёньня пратэстуе супраць гэтага злачынства, а над тымі, хто яго ўчыніў».

Радыё Свабода