На Дзень Волі плянуецца шэсьце і мітынг. Аргкамітэт вызначыў фармат акцыі 25 сакавіка
3 лютага ў Менску прайшло пасяджэньне аргкамітэту па сьвяткаваньні 25 сакавіка Дня Волі.
Прынятае рашэньне падаць заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне акцыі 25 сакавіка: збор а 18-й гадзіне і кароткі мітынг на пляцоўцы каля Акадэміі навук, шэсьце да помніка Янку Купалу і мітынг. Заяўку ў Менгарвыканкам плянуецца падаць на пачатку наступнага тыдня.
«Пачакаем, які будзе адказ уладаў. Заяўку будзем падаваць загадзя і будзем зьвяртацца да ўладаў з заклікам не чакаць апошняга дня, прадугледжанага законам, каб адказаць на гэтую заяўку», — сказаў карэспандэнту Свабоды старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
У пасяджэньні аргкамітэту ўзялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху салідарнасьці «Разам», БСДП (Народная грамада). Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык таксама прадстаўлялі аргкамітэт Кангрэсу дэмсілаў.
«Абавязкова будуць бел-чырвона-белыя сьцягі, транспаранты, незалежніцкія лёзунгі. Будзем зьвяртацца да прэзыдэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы з просьбай падрыхтаваць сёлета зварот да беларускага народа з нагоды 25 сакавіка раней, чым традыцыйна, каб ужо недзе за месяц да 25 сакавіка аргкамітэт у Менску мог яго распаўсюджваць. Гэта было б элемэнтам ідэйнага напаўненьня акцыі і прыцягненьня ўвагі людзей. Лёзунгі, прысьвечаныя дзейнасьці і важнасьці Рады БНР, на гэтай акцыі таксама плянуюцца», — сказаў Янукевіч.
Гатоўнасьць падпісаць заяўку ўжо засьведчылі Анатоль Лябедзька, Алесь Лагвінец, Вячаслаў Сіўчык, Мікола Статкевіч, Аляксей Янукевіч.
«Бліжэйшым часам мы правядзем размовы з тымі, хто традыцыйна ўдзельнічаў у падачы заяўкі. Гэта аргкамітэт БХД, БСДП (Грамада), Беларускі рух. Магчыма, яны таксама дэлегуюць сваіх людзей падпісваць заяўку».
Паводле Янукевіча, асноўная тэма сёлетняга сьвяткаваньня — абарона незалежнасьці.
«Гэта надзвычай вострая, балючая і актуальная тэма на сёньняшні момант. І таксама заклік дзеля захаваньня і абароны беларускай незалежнасьці неадкладнае правесьці комплексныя, сыстэмныя, рынкавыя эканамічныя рэформы», — сказаў Янукевіч.