На рамонт турмаў у Беларусі грошай няма
Адзін з заўзятараў нацыянальнай каманды Беларусі паскардзіўся на варункі ўтрымання ў Барысаўскім ІЧУ.
Зміцер Хведарук, адзін з заўзятараў каманды Беларусі, якога затрымалі 12 кастрычніка на матчы ў Барысаве і пратрымалі амаль дзень у Барысаўскім РАУС, паскардзіўся на варункі ўтрымання ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання, піша ПЦ “Вясна”.
Адказ, які атрымаў актывіст з Рэспубліканскага цэнтра эпідэміялогіі, толькі пацвердзіў ягоныя словы аб жудасных варунках, у якіх вымушаныя знаходзіцца людзі ў чаканні суда або пад арыштам.
“Пры аглядзе памяшкання камернага тыпу, – паведамляецца ў адказе Рэспубліканскага цэнтра эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Беларусі, – Было выяўлена: “санітарна-тэхнічны стан камеры дрэнны, на стыку сцяны і столі каля вокнаў ёсць сляды вільгаці, санітарна-тэхнічнае абсталяванне вельмі спрацаванае. Рукамыйнік няспраўны. У адным з двух вокнаў няма шыбы. Аконныя рамы спрацаваныя. Натуральнае асвятленне недастатковае. Капітальны рамонт запланаваны на 2015 год, але ў сувязі з адсутнасцю фінансавання перанесены на больш познія тэрміны.
У выніку маніторынгу, праведзенага ў сувязі з вашым зваротам, начальніку Барысаўскага РАУС вынесенае прадпісанне аб выпраўленні парушэнняў, а таксама быў адзначаны недастатковы кантроль за выкананнем санітарна-гігіенічнага і эпідэміялагічнага рэжыму ў камерах».
Хведарук пасля суда паведамляў журналістам, што амаль дзень заўзятары адседзелі без пітной вады, бо вада ў камеры была жудаснай. У камеры былі двое забітых вокнаў, адна з шыб была разбітая, таму было надзвычай холадна, і яны не маглі нармальна заснуць.
Нагадаем, 12 кастрычніка на “Барысаў-арэне” на матчы “Беларусь-Македонія” заўзятараў Змітра Хведарука, Віталя Будзько і Юрыя Пархоменку затрымалі праз шалікі з выявай гістарычнага герба “Пагоня”, адвезлі ў мясцовы РАУС, а на наступны дзень прызналі вінаватымі у дробным хуліганстве (арт17.1 КоАП) і прысудзілі да штрафу на суму 10 базавых адзінак (1,8 мільёна рублёў).