На выходных міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме

Прадугледжваецца агароджа тэрыторый і ўсталяванне кантрольна-прапускных пунктаў у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў.

Пытанні забеспячэння грамадскай бяспекі і папярэджання надзвычайных сітуацый падчас правядзення святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь, абмеркавалі 1 ліпеня ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Як паведаміў журналістам начальнік упраўлення аховы правапарадку Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Кур\’ян, з 9.00, 2 ліпеня, да 9.00, 4 ліпеня, праваахоўнікі будуць несці службу ва ўзмоцненым рэжыме, піша«Менск-навіны».

Прадугледжваецца агароджа тэрыторый і ўсталяванне кантрольна-прапускных пунктаў у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў – каля абеліска «Мінск – горад-герой» і Палаца спорту. Пропуск грамадзян будзе ажыццяўляцца за дзве гадзіны да пачатку ўрачыстасці. Адпаведна, ля стэлы з 19.00, і каля Палаца спорту з 9.00.

У гэтых зонах, а таксама каля манумента Перамогі гараджанам давядзецца праходзіць поўны дагляд. Не будуць прапускаць грамадзян, якія маюць пры сабе выбухованебяспечныя рэчывы, агнястрэльную зброю, прадметы для нанясення цялесных пашкоджанняў, асоб, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап\’янення, гараджан з роварамі, фотатэхнікай і жывёламі. На гуляннях, арганізаваных у Верхнім горадзе, супрацоўнікі міліцыі таксама будуць несці службу, аднак асабісты дагляд там ажыццяўляцца не будзе.

– 3 ліпеня з 10.00 у раёне плошчы Перамогі абмяжуюць рух транспарту па праспекце Незалежнасці ад вуліцы Я. Купалы да Казлова. У сувязі з правядзеннем мерапрыемстваў каля стэлы таксама абмяжуюць рух па праспекце Пераможцаў ад вуліцы Нямігі да Гвардзейскай з 18.00 да 00.30, – адзначыў Кур\’ян.

Акрамя таго, у раёне Палаца спорту і абеліска «Мінск – горад-герой» будзе забароненая паркоўка аўтатранспарту. Падчас святочных мерапрыемстваў машыны нельга будзе пакідаць каля дамоў №23, 31 і 41 на праспекце Пераможцаў і на стаянцы ля парка Перамогі.

Ратавальнікаў у гэтыя дні таксама пераводзяць на ўзмоцнены рэжым нясення службы. Усе задзейнічаныя сілы і сродкі прыцягваюць з рэзерву, таму ўзмацненне не паўплывае на звычайную працу МНС.

У месцах масавага збору людзей будзе працаваць выратавальная службы з прыцягненнем тэхнікі. У тым ліку будуць дзяжурыць спецыялізаваныя атрады – службы хімічнай і радыяцыйнай абароны, вадалазы Таварыства ратавання на вадзе і іншыя.

– Асобна хацелася б нагадаць пра забарону на наведванне лясоў тым, хто любіць адзначаць святы на прыродзе. Абмежаванне дзейнічае ў сувязі з высокім узроўнем пажаранебяспекі, – удакладніў намеснік начальніка ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь Анатоль Балябін.

Акрамя таго, у горадзе будуць дзяжурыць 25 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. У медустановах ствараецца рэзерв ложкаў – блізу 400, таксама ёсць магчымасць аператыўна перапрафіляваць яшчэ 825 месцаў. Адпрацаваная сістэма абвесткі медыцынскага персаналу – магчыма прыцягнуць больш за 900 лекараў.

Як адзначыў галоўны спецыяліст аддзела прававой работы і арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама Мікалай Тукала, 3 лiпеня гарадскія паліклінікі будуць працаваць паводле графіку святочнага дня.

Хартыя\’97