На YouTube зьявіўся велізарны гістарычны відэаархіў. Шмат відэа зь Беларусі (+ відэа)
Інфармацыйнае агенцтва Асашыэйтэд Прэс і дакумэнтальны архіў British Movietone адкрылі доступ да вялізнага архіву дакумэнтальных відэакадраў.
Было алічбавана больш за мільён хвілін відэаматэрыялаў, пасьля чаго іх загрузілі на відэахостынг YouTube.
Апублікаваная калекцыя ўключае больш за 550 тыс. алічбаваных відэасюжэтаў, уключаючы запіс мядовага месяца Чарлі Чапліна і яго жонкі, датаваны 1936 годам, арыгінальныя здымкі крушэньня дырыжабля «Гіндэнбург» і відэа, на якім зафіксаваная высадка саюзьнікаў у Нармандыі.
Акрамя гістарычна значных кадраў, у калекцыі ёсьць і больш легкаважныя відэа, напрыклад, візыт групы Kinks у цырульню або гонка сланоў па Чыкага ў 1935 годзе. Самае старое відэа ў калекцыі датуецца 1895 годам.
Сярод масіву відэасюжэтаў ёсць і зьвязаныя зь Беларусьсю. Яны тычацца навейшай гісторыі краіны.
«Загрузка відэа на YouTube упершыню ў гісторыі дае публіцы шанец перажыць найбольш значныя моманты ў гісторыі, — кажа дырэктар міжнароднага архіву Асашыэйтэд Прэс Элвін Ліндсі. — Гэта неверагоднае візуальнае падарожжа, якое дазволіць гледачам убачыць людзей і падзеі, якія вызначылі гісторыю».
Асашыэйтэд Прэс — адно з найбуйнейшых у сьвеце інфармацыйных агенцтваў, заснаванае ў 1846 годзе. British Movietone — брытанскі архіў дакумэнтальнага відэа, створаны ў 1919 годзе як агенцтва навінаў.