Народная Грамада заклікала сфармаваць адзіны спіс кандыдатаў

28 лютага ў Мінску адбылося пасяджэнне Цэнтральнага аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Удзел у пасяджэнні ўзялі прадстаўнікі арганізацый партыі з усіх рэгіёнаў краіны. Была разгледжана сацыяльна-палітычная сітуацыя ў краіне і тэндэнцыі яе развіцця. Народная Грамада заявіла пра падтрымку ідэі Кангрэсу дэмакратычных сілаў і заклікала сфармаваць адзіны спіс дэмакратычных кандыдатаў, каб найбольш эффектыўна скарыстаць г. зв. парламенцкія выбары. Таксама было заяўлена аб праве грамадства на мірны пратэст супраць фальсіфікацый выбараў.

На пасяджэнні былі таксама прынятыя заявы аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнэса і аб 25-годдзі аднаўленчага з\’езда беларускай сацыял-дэмакратыі.

Цэнтральны аргкамітэт правёў перавыбары кіраўніцтва партыі. Таемным галасаваннем старшынём Народнай Грамады аднагалосна пераабраны Мікалай Статкевіч, за якога прагаласавалі 47 удзельнікаў пасяджэння. Першым намеснікам старшыні пераабраны Алесь Арастовіч,  намеснікамі — Анатоль Букас, Аляксей Гаўруцікаў, Сяргей Кулініч, генеральным сакратаром — Сяргей Марцалеў.

Перад сябрамі Цэнтральнага аргкамітэта выступіў генеральны сакратар Сацыялістычнага Інтэрнацыянала Луіс Аяла. Ён заявіў аб падтрымцы міжнародным сацыял-дэмакратычным рухам барацьбы Народнай Грамады за дэмакратыю. СІ пачынае кампанію за рэбілітацыю і ўзнаўленне ў правах М.Статкевіча і іншых былых беларускіх палітзняволеных.

Перад пачаткам працы Цэнтральнага аргкамітэта адбылося пасяджэнне Прэзідыўма Народнай Грамады, на якім адбыўся прыём у партыю новых сябраў.

Свае вітанні ЦК даслаў расійскі Саюз дэмакратычных сацыялістаў.