"Падарунак" на развітанне: Мікалай Статкевіч – у ШІЗА турмы №4
Мікалай Статкевіч адразу па этапаванні ў турму апынуўся ў ШІЗА.
Такі “падарунак” зрабіла яму адміністрацыя шклоўскай ПК-17 на развітанне.
Нагадаем, што, на думку адміністрацыі ПК-17, палітык на працягу тыдня здолеў стаць злосным парушальнікам рэжыму. Быў шматразова пакараны за адныя і тыя ж “парушэнні”, ўжо знаходзячыся ў ШІЗА. Правёў месяц у адзіночцы ў ПКТ. На наступны дзень пасля вынясення рашэння аб пераводзе ў турму быў этапаваны. У той жа дзень, перад этапам, знаходзячыся адзін у ПКТ, быў чарговы раз пакараны на дзесяць сутак ШІЗА. Гэтае пакаранне ён зараз і адбывае ўжо на новым месцы, ў турме №4.
Такім чынам, адразу пасля этапу экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч трапіў не проста ў турэмную камеру, а ў ШІЗА, які клапатліва падрыхтавала для яго адміністрацыя ПК-17 на развітанне.
У ШІЗА зняволены не мае права на прагулкі, не можа чытаць, пісаць, атрымліваць карэспандэнцыю.
Як паведаміла Марына Адамовіч, Мікалай Статкевіч павінен быць вызвалены з ШІЗА 24 студзеня, пасля чаго здолее напісаць блізкім.
Нагадаем, што начальнік калоніі – Сяргей Ермаліцкі быў унесены ў спісы неўяздных у Еўразвяз.