Лісты на волю

Падчапіў нейкі вірус

З ліста ад 10.11.2022

“… падчапіў нейкі вірус – тэмпература, галаўны боль, невялікі кашаль. Але ж пройдзе. У астатнім ўсё, як звычайна. Заўтра выклікаюць на камісію. Так што зноў будзе перапынак у маіх лістах”. [То бок, ізноў ШІЗА, М.А.]

І, як амаль у кожным лісце, Мікалай піша пра тое, што баліць, пра Украіну:

“Учора даведаўся, што Масква выводзіць свае войскі з Правабярэжжа Украіны. Інфармацыі вобмаль, таму не ведаю, якая матывацыя такога рашэння. Ці то прарыў украінскіх войскаў праз лінію абароны Херсону “з ходу”. Ці то цвярозае разуменне, што пазіцыі, адрэзаныя ад баз забяспячэння вельмі шырокай ракой, усё роўна не ўтрымаць. У любым выпадку, фронт процістаяння істотна скарачаецца, Украіна ліквідавала пагрозу сваім чарнаморскім портам і можа разбураць гідратэхнічныя збудаванні па забяспячэння ірыгацыйнай сістэмы Крыма дняпроўскай вадой.

Але тут ёсць яшчэ адзін нюанс. Раней я пісаў табе, што афіцыйна далучыўшы чатыры ўкраінскія вобласці, Масква пазбавіла Кіеў прадмету магчымых перамоў. Бо пра што цяпер перамаўляць – пра прызнанне гэтай анэксіі? Цяпер, нібыта дабраахвотна пакідаючы ладны кавалак сваёй “афіцыйнай тэрыторыі”, Масква сігналізуе, што і па астатнім “спрадвечным землям” “торг уместен”. Не думаю, што […] Кіеў зараз пагодзіцца на перамовы. Але магчымасць ёсць.”

Мікалай Статкевіч, ПК №13 г. Глыбокае