Навіны

Падсудны праваабаронца вінаваціць судзьдзю ў перадузятасьці

Паводле Міхаіла Жамчужнага, судзьдзя Віцебскага абласнога суду Валянціна Буева не задаволіла ніводнага хадайніцтва, з дапамогай якіх ён меў намер давесьці сваю невінаватасьць. Такое стаўленьне, як піша Міхаіл, напачатку крыху зьбянтэжыла, але давялося звыкацца да гэткіх акалічнасьцяў працэсу. У астатнім, цытуе ліст віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, Міхаіл Жамчужны пачуваецца добра, настрой у яго рашучы. Хаця ён ня мае сумневаў, што яго асудзяць да пазбаўленьня волі.

Зьвестак пра судовы працэс над заснавальнікам «Плятформа інавэйшн» вельмі няшмат: пра тое, што працэс будзе закрыты, было вядома загадзя, бо Міхаіл Жамчужны пісаў пра гэта у сваіх лістах і раней. Даведацца пра нейкія падрабязнасьці не ўяўляецца магчымым: працэс, які распачаўся 1 чэрвеня ў Віцебскім абласным судзе, ідзе ў закрытым рэжыме, адвакат спадара Жамчужнага не дае аніякіх камэнтароў, бо даў падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

Паводле сайту «Плятформа інавэйшн» крымінальная справа супраць заснавальніка гэтай інфармацыйна-асьветніцкай установы распачатая паводле часткі 1 артыкула 375 (наўмыснае раскрыцьцё эканамічных, навукова-тэхнічных ці іншых зьвестак, якiя ўяўляюць сабой службовую таямніцу, асобай, якая мае або мела доступ да гэтых зьвестак). А таксама паводле часткі 2 артыкула 376 (незаконны выраб або набыцьцё ў мэтах збыту або збыт спэцыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Сябры «Плятформа інавэйшн» дагэтуль ня маюць дакладнай інфармацыі, у зьвязку з чым Жамчужнаму прад’яўленыя такія абвінавачваньні.

Міхаіл Жамчужны ня мае блізкіх сваякоў, таму праваабаронцы не адразу даведаліся пра ягонае затрыманьне і арышт у жніўні мінулага году. Здарылася гэта празь нейкі час пасьля таго, як былы кіраўнік «Плятформа інавэйшн» Андрэй Бандарэнка быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле артыкула аб злосным хуліганстве.

Былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, вядомы вынаходнік 59-гадовы Міхаіл Жамчужны трапіў за краты ўжо другі раз. Упершыню гэта адбылося ў 2007 годзе, калі ён кіраваў лябараторыяй, якая займалася праблемай прамысловай вытворчасьці вадароду. Раптам дзейнасьцю навукоўцаў зацікавіўся Камітэт дзяржкантролю, а потым сьледчы аддзел КДБ па Віцебскай вобласьці распачаў супраць кіраўніка лябараторыі крымінальную справу паводле артыкула «Крадзеж шляхам злоўжываньня службовым становішчам».

Пасьля вызваленьня ў 2012 годзе Жамчужны заявіў, што справа супраць яго была сфабрыкаваная. Міхаіл спрабаваў абскардзіць прысуд, аднак справа была складанай: яна тычылася навуковых распрацовак і вымагала вялікіх грошай на адвакатаў. Таму ад ідэі рэабілітаваць сваё імя спадар Жамчужны адмовіўся. Але на працу ва ўнівэрсытэт, дзе яго абвінавацілі, не вярнуўся і вырашыў далучыцца да праваабаронцаў з «Плятформа інавэйшн». Да яго зьвярталіся людзі, зь якімі ён раней быў за кратамі і паведамлялі яму пра тыя ці іншыя праблемы ў месцах пазбаўленьня волі.

У лютым гэтага году, ужо знаходзячыся пад вартай, Міхаіл Жамчужны напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, адрасаваўшы допіс на 10 аркушах у «Народную волю». Лёс гэтага ліста невядомы. Афіцыйнай інфармацыі ў дзяржаўных СМІ пра арышт і суд над Жамчужным таксама не было.

Радыё Свабода