Навіны

Падзеі ў Венесуэле – прэцэдэнт для свету

Апошнімі днямі студзеня ў Санта-Дамінга прайшло пасяджэнне Рады Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу – аб\’яднання больш як 100 сацыял-дэмакратычных партый свету.

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, які браў непасрэдны ўдзел у пасяджэнні, распавёў сайту Charter97.org аб міжнародным форуме і ўплыве падзей у суседняй з Санта-Дамінга Венесуэле на сітуацыю ў Беларусі.

– На пасяджэнні Рады Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу ў Санта-Дамінга вы былі адзіным прадстаўніком Беларусі?

– Так. Толькі партыя “Народная Грамада” мае сяброўства ў сацыялістычным Інтэрнацыянале ад Беларусі. Рада – вышэйшы орган арганізацыі. Яго пасяджэнні праходзяць раз на паўгода. Усяго ў Сацінтэрн уваходзяць сацыял-дэмакратычныя партыі з больш як 100 краін.

Па-першае, гэта важная пляцоўка, дзе сустракаюцца сацыял-дэмакраты нават з краін, якія знаходзяцца ў сітуацыі вайны паміж сабой. Напрыклад, прадстаўнікі арганізацыі «Вызваленне Палестыны» і ізраільская Партыя працы. На пасяджэннях можна пачуць эмацыйную палеміку паміж армянскімі і азербайджанскімі сацыял-дэмакратамі.

Па-другое, Сацінтэрн прасоўвае ідэі свабоды, справядлівасці і салідарнасці ва ўсім свеце. Досвед паспяховых рэгіёнаў планеты сведчыць, што свабода немагчымая без справядлівасці і салідарнасці. Пад справядлівасцю мы маем на ўвазе роўнасць усіх людзей перад законам, роўныя шанцы на адукацыю, медыцынскае забеспячэнне і гэтак далей.

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Я з\’яўляюся кіраўніком камітэту сацыялістычнага інтэрнацыяналу ў краінах СНД, Прычарнамор’і і Закаўказзі. Безумоўна, падчас міжнароднага форуму не пакінулі без увагі нядаўняе вылучэнне мяне кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Пра гэта распавёў у пачатку пасяджэння генеральны сакратар Сацінтэрна Луіс Аяла, адзначыўшы важнасць таго, што, нягледзячы на рэпрэсіі, ціск і працяглыя турэмныя тэрміны, я працягваю барацьбу.

Прэм\’ер-міністр Гішпаніі Пэдра Санчэс заявіў, што Сацінтэрн будзе вельмі ўважліва сачыць за дзеяннямі беларускіх уладаў у дачыненні да мяне і пры неабходнасці будуць рабіць усё магчымае, каб ускладніць жыццё беларускім уладам.

– Вы таксама выступілі з дакладам аб сітуацыі ў Беларусі. Як яго ўспрынялі ўдзельнікі канферэнцыі?

– Я скарыстаўся пляцоўкай Сацінтэрну, каб звярнуцца да ўрада РФ праз партыю «Справядлівая Расея». Мой пасыл быў такі, што мы гатовыя паважаць іх права на бяспеку, улічваць іх інтарэсы, але патрабуем улічваць права нашага народа на свабоду, дэмакратыю, нацыянальнае развіццё і змену ўлады.

У расейскіх генералаў ёсць спакуса скарыстацца нашай барацьбой супраць дыктатуры і ўмяшацца, каб атрымаць сабе тэрыторыю «стратэгічнага балкона», за які яны ўважаюць Беларусь. Але я выразна заявіў, што наш народ не прыме замаху на незалежнасць краіны і спробы вярнуць яму ненавіснага дыктатара на чужых штыках. Тады сімпатыі большасці беларусаў да Расеі абернуцца ў супрацьлегласць, а беларускі «балкон» ператворыцца ў «кацёл».

– Дамініканская Рэспубліка – практычна сусед Венесуэлы. Як у лацінаамерыканскім рэгіёне ацэньваюць падзеі ў Венесуэле і перспектыву адхілення Мадуры ад улады?

– У Сацыялістычны Інтэрнацыянал уваходзіць некалькі партый Венесуэлы. Адна з іх – партыя “Народная воля”, якую ўзначальвае часовы прэзідэнт краіны Хуан Гуайдо. Пасля майго выступу калегі з венесуэльскіх партый падыходзілі і дзякавалі, што я адным з першых у сваім дакладзе нагадаў пра падзеі ў Венесуэле і параўнаў былога прэзідэнта Мадуру з ягоным сябрам – былым прэзідэнтам Лукашэнкам.

Абодва яны цяпер не з\’яўляюцца легітымнымі прэзідэнтамі ў вачах міжнароднай супольнасці. Была прынятая рэзалюцыя ў падтрымку дэмакратыі ў Венесуэле і тых сіл, якія цяпер спрабуюць аднавіць краіну пасля разбурэнняў рэжыму Мадуры.

– Як вы асабіста пракаментуеце падзеі ў Венесуэле?

– Як гэта ні дзіўна, але яшчэ нядаўна ў Мадуры ў Венесуэле было больш падтрымкі, чым у Лукашэнкі ў Беларусі. За кошт нафтадаляраў падтрымліваўся вялікі пласт насельніцтва, які жыў у абсалютнай беднасці, пачынаючы з часоў панавання Уга Чавэса. Разам з тым нічога не рабілася, каб даць людзям працу, змяніць сітуацыю ў корані. Калі ж кошты нафты ўпалі, то ўлады ўжо не маглі падтрымліваць большасць насельніцтва Венесуэлы.

Але 25-30% насельніцтва Венесуэлы – людзі, якія знаходзяцца на ўтрыманні рэжыму і з\’яўляюцца яго апорай. Я не думаю, што Лукашэнка можа цяпер пахваліцца нават такой падтрымкай. У яго яна, як мінімум, удвая меншая.

Варта адзначыць, што за дыктатару ў Венесуэле вельмі моцна ўзяліся Злучаныя Штаты Амерыкі. Трэба ўлічваць той чыннік, што венесуэльскі рэжым жыве з продажу нафты той жа Амерыцы. Калі перакрыць экспарт венесуэльскай нафты, на якім балюе кіроўная верхавіна, то мы неўзабаве ўбачым катастрофу венесуэльскага рэжыму.

У выніку будзе створаны вельмі цікавы прэцэдэнт. Будзе апрабаваны механізм прывядзення да прынятых у свеце норм паводзін дыктатарскіх рэжымаў, якія абапіраюцца на нафту.

Думаю, што вельмі ўважліва сочаць за гэтымі падзеямі і расейскія ўлады. Калі ўдасца змяніць уладу ў Венесуэле, якая займае першае месца ў свеце паводле запасаў нафты, і венесуэльскія радовішчы нафты апынуцца ў добрых руках, то ў ЗША з\’явіцца магчымасць у пэўнай ступені ўплываць на размеркаванне і здабычу нафты ў Венесуэле.

Гэта дазволіць, па-першае, пры жаданні панізіць кошты нафты ў свеце, а як максімум – выпрабаваць механізмы ўплыву на ўсе рэжымы, якія заснаваныя на нафце.

Пры неабходнасці можна будзе выкарыстоўваць гэты сцэнар у дачыненні да Расеі. Уявіце, што будзе з Пуціным, калі ўпадуць кошты нафты або будзе дзейнічаць эмбарга на экспарт нафты з гэтай краіны ў заходнія краіны?

Што тады будзе з планамі ўставання з каленяў, кантролем над суседнімі краінамі, пагрозамі Захаду і так далей? Бо ўсе гэтыя планы аплачваюцца самім Захадам.

Напраўду, гэта вельмі цікавы момант. Мы недаацэньваем сітуацыю, калі думаем толькі пра адзін рэжым, які давёў краіну да ручкі. Напраўду, адбываюцца значна больш значныя рэчы. Калі атрымаецца вярнуць Венесуэлу да дэмакратыі, а шанцы больш за 50 адсоткаў, то будзе створаны прэцэдэнт сусветнага маштабу. У выніку рэжымы будуць прыслухоўвацца да народа, мяняць свае паводзіны ў краіне і за яе межамі, бо можа надысці іх чарга. Гэта асноўная выснова падзей.

ПРЭМ\’ЕР-МІНІСТР ГІШПАНІІ ПЭДРА САНЧЭС

– Вы ідзяце на выбары прэзідэнта як прадстаўнік БНК. Якія высновы з дзеянняў венесуэльскай апазіцыі можна зрабіць і для палітычнай кампаніі ў Беларусі?

– Па-першае, я хацеў бы яшчэ раз падзякаваць партнёрам Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу за ўскладзеную на мяне адказнасць. Фактычна, БНК-гэта самая буйная і адзіная дзейсная дэмакратычная кааліцыя ў Беларусі. Я нагадаю, што ў яе ўваходзяць кіраўнікі сямі грамадскіх арганізацый і дзве партыі, а таксама кіраўнікі 14-ці рэгіянальных кааліцый. Яны прадстаўляюць абсалютна ўсе беларускія апазіцыйныя партыі.

Усе гэтыя людзі – палітыкі высокага ўзроўню. На сёння яны ўсё дамовіліся і без адзінага голасу супраць і выбралі аднаго кандыдата на будучыя выбары. Гэта вялікая адказнасць.

Мы будзем выкарыстоўваць досвед усіх краін. Нам быў вельмі важны досвед Арменіі, а цяпер і Венесуэлы, які пацвердзіў тактыку, якую мы выкарыстоўвалі раней – мірны, працяглы пратэст.

Яшчэ адна выснова з падзей у Венесуэле – важнасць міжнароднага фактару. Тое, што адбываецца ў Венесуэле, унікальна тым, што, фактычна, пры існаванні рэжыму, які называе свайго кіраўніка прэзідэнтам, вядучыя краіны свету прызналі прэзідэнтам лідара апазіцыі.

Падкрэслю, гэта найважнейшы прэцэдэнт для нас. Калі мы будзем дзейнічаць актыўна і магутна, то пры рэальнай перамозе БНК на прэзідэнцкіх выбарах, нягледзячы на лічбы, якія намалюе сабе дзейная ўлада, лідара могуць прызнаць дзейным прэзідэнтам.

– У выпадку перамогі на будучых выбарах у Беларусі ці гатовыя вы, на прыклад Хуана Гуайдо, аб\’явіць сябе часовым прэзідэнтам?

– Так, безумоўна. Я думаю, што ніхто ў Беларусі не сумняваецца ў маёй гатоўнасці дзейнічаць.

ФОТA: GETTY IMAGES

***

Хартыя\’97