Палецкіс падпаў пад магію лічбаў

Дакладчык Эўрапейскага парлямэнту па Беларусі дэпутат зь Літвы Юстас Палецкіс падрыхтаваў праект сваёй справаздачы. Ён рэкамэндуе зьмяніць палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Паводле Палецкіса, у 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэньне сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека», а Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі зрабіў «станоўчы ўплыў на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці».


Вітаўтас ЛандсбэргісПраект справаздачы Юстаса Палецкіса паступіў да ягоных калегаў па Эўрапейскім парлямэнце. Цяпер да 5 чэрвеня дэпутаты маюць права ўнесьці свае заўвагі і папраўкі да гэтага дакумэнту.

Ацэньваючы дакумэнт, падрыхтаваны Палецкіам, ягоны калега зь Літвы, Вітаўтас Ландсбэргіс, старшыня групы літоўскіх дэпутатаў, якія ўваходзяць у агульнапарлямэнцкую фракцыю Эўрапейскай народнай партыі, адзначыў, што ня варта перабольшваць ролю гэтага дакумэнту:

«Найперш, гэта не справаздача. Гэта — рэкамэндацыі, нават чарнавік рэкамэндацыяў па палітычных дачыненьнях зь Беларусьсю. Гэта — не ўказаньне, а звычайная рэкамэндацыя. Там прапануюцца некаторыя палёгкі для прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якія знаходзяцца ў чорным сьпісе неўязных у Эўразьвяз. Там прапануецца ўзнаўленьне палітычнага дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Гэта можа быць карысным. А можа быць і пустой справай. Гэта ня значыць, што ў Беларусі нешта скранецца з правамі чалавека»…

Марэк МігальскіЭўрапарлямэнтар ад Польшчы Марэк Мігальскі сказаў Свабодзе, што ён пакуль ня меў магчымасьці ўважліва прагледзець справаздачу свайго літоўскага калегі:

«Пакуль я ведаю толькі тое, што перадаюць мэдыі. І гэта трохі непакоіць. Таму што, наколькі я разумею спадара Палецкіса, можна не заўважаць спраў палітвязьняў. Але гэта непрымальна. Я спадзяюся, што гэта толькі інтэрпрэтацыя СМІ і гэта ня ёсьць праўда. Бо такая арганізацыя, як Эўразьвяз, не павінна ігнараваць правы чалавека, правы рэпрэсаваных і палітвязьняў.

Пазыцыя эўрапейскіх інстытуцыяў не аднойчы выкладалася ў рэзалюцыях Эўрапарлямэнту. І ясна, што размовам з афіцыйным Менскам павінна папярэднічаць вызваленьне палітвязьняў. І я маю надзею, што спадар Палецкіс у сваёй справаздачы возьме пад увагу пазыцыю Эўрапарлямэнту, што ён зрабіць абавязаны».

Мы спыталіся ў спадара Мігальскага, ці скарыстаецца ён сваёй дэпутацкай магчымасьцю ўнесьці нейкія зьмены ў рэзалюцыю па Беларусі:

«Я не зьяўляюся сябрам камітэту па замежных справах Эўрапарлямэнту. Таму мае магчымасьці што да ўнясеньня паправак абмежаваныя. Але я маю надзею, што мае калегі, якія дбаюць пра беларускія справы, зробяць гэта. І тут яны могуць разьлічваць на маю дапамогу, каб тая справаздача ня стала справаздачай, якая санкцыянуе наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі, бо гэта непрымальна».

Прафэсар Ковенскага ўнівэрсытэту Лаўрус Бялініс зазначыў «Свабодзе», што, магчыма, Юстас Палецкіс у сваіх высновах паддаўся магіі лічбаў:

«Мне падаецца, што спадар Палецкіс робіць свае высновы, абапіраючыся на дадзеныя фармальнай статыстыкі. А гэтыя лічбы не заўжды адпавядаюць рэчаіснасьці, бо рэальная сыстэма падліку знаходзіцца ў руках рэжыму. Таму не заўжды можна правільна ацаніць сытуацыю, якая ёсьць насамрэч, альбо наперад угадаць, як яна будзе разьвівацца.

Я думаю, найбольш аб’ектыўным і сумленным крытэрам была б наяўнасьць палітзьняволеных у Беларусі. Ня мае значэньня — іх цяпер болей ці меней. Сутнасьць у іншым — у тым, што палітвязьні існуюць. І такая практыка таксама існуе. Як існуюць і нейкія палёгкі, якія звычайна зьяўляюцца празь нейкі час пасьля выбараў. Мы ж ведаем, што перад любымі выбарамі ў Беларусі ціск на апазыцыю ўзмацняецца. Такім чынам, сам характар адносінаў улады да іншадумства ўсё ж застаецца ранейшым. І тут, я думаю, мы павінны бачыць аснову ацэнкі сытуацыі ў Беларусі, а ня ў лічбах, якія лёгка можна падтасаваць».

Анатоль Лябедзька «Ня ўсё задавальняе нас у ацэнках і прапановах, якія зробленыя Палецкісам», — адзначае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«АГП ня бачыць таго прагрэсу, які заўважыў Палецкіс з сытуацыяй з правамі чалавека, са свабодамі, з мажлівасьцямі палітычнай дзейнасьці, са зьмякчэньнем палітычнага клімату. Гэта выклікае вялікі пытальнік. Па-другое, мы лічым, што вызваляць людзей ад тых абмежаваньняў, з-за якіх яны трапілі ў „чорны сьпіс”, сёньня няма падстаў. Таму што не ліквідаваныя чыньнікі, празь якія яны туды трапілі.

Вось гэта асноўныя заўвагі. І мы гатовыя да крытычнага дыялёгу і з самім Палецкісам, і зь іншымі эўрадэпутатамі».

Радыё Свабода