Навіны

Палітгульні з палітвязнямі

22 ліпеня скончыўся 2-гадовы тэрмін адбыцця пакарання для чатырох удзельнікаў Плошчы – Сяргея Вазняка, Віталя Рымашэўскага, Аляксандра Фядуты і Андрэя Дзмітрыева. Асуджаным на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў, сёння ў міліцыі паведамілі, што цяпер яны – свабодныя людзі.

Глядзець відэа Палітгульні з палітвязнямі (22.07.2013)

СЯРГЕЙ ВАЗНЯК, АСУДЖАНЫ ЗА ПЛОШЧУ:
“Абяцалі, што заўтра дашлюць дакументы ва ўсе неабходныя інстанцыі, каб мяне паздымалі з усялякіх там базаў, улікаў, разам з выключэннем з базы на забарону выезду за мяжу”.

Аднак атрымаўшы свабоду перасоўвання, у іншых сферах жыцця былыя зняволеныя надалей будуць мець абмежаванні. Інтэлігентным, адукаваным людзям давядзецца жыць з судзімасцю яшчэ два гады.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, АСУДЖАНЫ ЗА ПЛОШЧУ:
“Мы не рэабілітаваныя, а сканчэнне судзімасці не азначае яе зняцця. Што да прэзідэнцкай кампаніі – ні Павал Севярынец, ні я, ні шмат якія іншыя людзі, хто быў пад судом, Саннікаў у тым ліку, тыя, хто з’ехалі, тыя, хто застаюцца, яны не здолеюць браць удзелу. Можна сказаць, што Лукашэнка ліквідуе тых людзей, якія маюць досвед, хто для яго не пажаданы як палітычны канкурэнт”.

Ліквідуючы канкурэнцыю і абмяжоўваючы дзейнасць апазіцыі, улады пры гэтым спрабуюць пераканаць Захад, што ў краіне існуюць палітычныя свабоды і нават змяншаецца колькасць палітвязняў. Гэтак, напрыканцы мінулага тыдня закончылася 2-гадовае адтэрмінаванне выканання прысуду Ірыны Халіп. Паўла Севярынца з так званай хіміі адпусцілі дадому… на тры дні. У суботу ж скончыўся тэрмін адбыцця пакарання Сяргея Марцалева. Толькі ці можна вызваленне хоць і з хатняй, але ж клеткі, лічыць жэстам добрай волі ўладаў?

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА ПАЛІТВЯЗНЯ:
“Людзі адбылі незаслужанае пакаранне, адбылі яго цалкам. Ніякай, даруйце, добрай волі я там не бачу. Проста наколькі змененая ў нас свядомасць, калі людзі, якія адбылі незаслужанае пакаранне, не атрымалі яго працягу – мы ўспрымаем гэта з палёгкаю, бо ўсе чакаюць: а раптам яшчэ працягнуць, а раптам пасадзяць”.

У чаканні гэтага “пасадзяць” дагэтуль застаюцца Дзмітрый Мядзведзь і Святаслаў Барановіч. Іхныя ўмоўныя тэрміны скончацца толькі праз год. Суда па сканчэнні адтэрмінавання выраку чакаюць Уладзімір Някляеў і Андрэй Пачобут. За нібыта парушэнне прэвентыўнага нагляду чарговыя тэрміны пагражаюць актывістам Васілю Парфянкову і Уладзю Яроменку.

УЛАДЗЬ ЯРОМЕНАК, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:
“Прадугледжанае пакаранне ці да паўгода арышту ці да года пазбаўлення волі, то бок, з адбываннем у калоніі. Рэжыму для будучага гандлю патрэбныя новыя закладнікі”.

Бо дэманстратыўнае вызваленне цяперашніх 12 палітвязняў, відавочна, дагэтуль немагчымае. Закладнікі ўпарта не ідуць на супрацу з рэжымам і не падпісваюць прашэння аб памілаванні.

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА ПАЛІТВЯЗНЯ:
“Папрасіць у злачынцы прабачэння за тое, чаго ты не рабіў…”

Але тое, чаго палітвязні не робяць добраахвотна, улады спрабуюць выбіць. Экс-кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч, які адбывае 6-гадовы тэрмін зняволення ў магілёўскай турме, распавёў жонцы, як на пачатку месяца чуў крыкі іншых зняволеных.

МАРЫНА АДАМОВІЧ, ЖОНКА ПАЛІТВЯЗНЯ:
“Нехта стукаў металам, мабыць, па кратах, як ён думае, кубкам, хутчэй за ўсё, і крычаў на добрай беларускай мове, што яму ўсё гэта надакучыла, што ён не хоча быць у гэтай камеры (той чалавек, што крычаў), і што прашэння аб памілаванні ён усё роўна не падпіша”.

Тым часам вызваленне палітвязняў застаецца галоўнаю ўмоваю размарожвання дачыненняў Еўразвязу з Менскам. Толькі ўлады Беларусі разумеюць гэта па-свойму: вызваляючы адных, пакідаюць адчыненымі дзверы вязніцы для іншых. Ці не варта паставіць умоваю не вызваленне палітвязняў, а іх нез’яўленне?

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”