Навіны

Палітвязьні ў 2014 годзе. 11 − 6 + 1

На пачатку 2014 году ў калёніях і турмах Беларусі ўтрымліваліся 11 вязьняў, якіх беларускія праваабаронцы і апазыцыя лічылі палітычнымі. Як зьмянілася сытуацыя на канец году? 

Сьпіс з 11 палітвязьняў 2014 году адкрываў былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч, які як сядзеў, гэтак пакуль і працягвае сядзець у магілёўскай турме. Тэрмін у Статкевіча — 6 гадоў, і на гэты момант яму засталося быць у зьняволеньні яшчэ 2 гады. Магчыма, палітвязьня № 1 перавядуць з турмы ў калёнію, але калі гэта адбудзецца, дакладна пакуль не вядома.

——————————-•

Другім у сьпісе палітвязьняў лічыўся маладафронтавец Эдуард Лобаў, які адбываў 4 гады зьняволеньня ў івацэвіцкай калёніі.

——————————-•

Як і Статкевіч, у магілёўскіх вязьніцах сустрэлі новы 2014 год актывісты Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка, якіх пакаралі за спробу падпалу будынку КДБ у Бабруйску. Увосень 2014 году Яўгена Васьковіча з турмы перавялі ў калёнію, што для яго ёсьць пэўным паляпшэньнем.

З Арцёмам Пракапенкам бачных зьменаў не адбылося. Абодвум яшчэ больш як па 3 гады адбываць за кратамі, і шанцы на датэрміновае вызваленьне ў іх мінімальныя, тым больш прашэньні аб памілаваньні яны падаваць адмовіліся.

——————————-•

У магілёўскай турме працягвае «цягнуць лямку» анархіст Мікалай Дзядок. Здавалася, ён вось-вось выйдзе на волю — у лютым 2015 году мусілі скончыцца 4,5 году ягонага тэрміну. Але ў лістападзе стала вядома, што супроць Дзядка завялі крымінальную справу аб непадпарадкаваньні, і яму пагражае новы суд, які можа даць дадаткова яшчэ год зьняволеньня.

——————————-•

Толькі фармальныя зьмены адбыліся і ў лёсе Ігара Аліневіча, які з палітвязьняў мае найбольшы тэрмін — ажно 8 гадоў. Улетку з наваполацкай калёніі Аліневіча перавялі ў калёнію «Віцьба-3» пад Віцебскам. У гэтай калёніі, пра якую хадзілі чуткі, што там больш-менш нармальнае стаўленьне да вязьняў, Ігар Аліневіч ужо пабываў у карцэры, пра што ён апавядаць сваякам адмаўляецца.

——————————-•

У калёніі «Віцьба-3» даседжваў свае 1,5 году зьняволеньня асуджаны за спробу наладзіць кантакт з замежнай спэцслужбай наваполацкі актывіст Андрэй Гайдукоў.

——————————-•

Таксама напачатку году сядзелі за кратамі актывіст Васіль Парфянкоў (у горацкай калёніі тэрмінам на год) і маладафронтавец Уладзь Яроменак. Той трапіў на 3 месяцы ў баранавіцкі арыштны дом, як і Парфянкоў, за парушэньні правілаў адбыцьця прэвэнтыўнага нагляду. У сакавіку менавіта Яроменак адкрыў лік тых палітвязьняў, якіх сваякі, сябры і журналісты ў 2014 годзе сустракалі на волі. І вось мінула амаль 9 месяцаў. Што адбылося ў вольным жыцьці Ўладзя?

«Нарадзілася дачка. Жыў 2у Мёрах, цяпер — у Менску, у Мёры ежджу адзначацца. Працую», — паведаміў Уладзь Яроменак. Дзе дакладна працуе, былы палітвязень не сказаў, але нешта ўсё ж апавёў:

«Магу сказаць, што раблю, але не магу сказаць, дзе. Бо мала што можа быць. Займаюся дэмантажом жалезабэтонных канструкцыяў. Фактычна гэта праца на будоўлі. Толькі нехта будуе, а я наадварот — разбураю. Жонка з дачкой — усё нармальна. Дачка расьце, ужо 7 месяцаў. Яны тут, у Менску».

На 5 гадоў Уладзь Яроменак, у якога пасьля Плошчы была другая судзімасьць, пастаўлены на прафіляктычны нагляд і раз на месяц мусіць адзначацца ў міліцыі.

——————————-•

Празь месяц пасьля Яроменка, у красавіку, выйшаў на волю з гарадзенскай турмы прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які адбыў больш за 5 гадоў нібыта за хаваньне некалькіх патронаў. Праваабаронцы мяркуюць, што Аўтуховіча пакаралі за барацьбу зь мясцовымі карупцыянэрамі. Калі Аўтуховіч вярнуўся дахаты ў Ваўкавыск, то знайшоў сваю фірму аўтаперавозак фактычна збанкрутаванай, а дом — у заняпадзе. Памятаю, як пазваніў былому палітвязьню на наступны дзень пасьля вызваленьня, калі ён хадзіў па былых гаражах сваёй фірмы і зьдзіўляўся: тут рэшткі аўтамабіля, тут яшчэ нейкі аўтахлам — усё ці расьцягнулі, ці паржавела…

А вось мой званок ад 23 сьнежня. Аўтуховіч зноў заняты і адказвае скрозь нейкі грукат:

«Грукат — гэта машына заяжджае. Працую з таксоўкамі. Вось брамкі адчыніў на базе. Пачалі працаваць мае таксі. Крыху памяняў зьнешні выгляд рэклямы, тэлефонаў — але людзі пазнаюць, ведаюць, што зноў пачалі працаваць мае таксоўкі. Бо езьдзяць усе такія чысьценькія, беленькія. Восеньню было 2 машыны, а ўжо 7. Вось праз два дні выпускаю на лінію сёмую».

Збольшага адрамантаваў Мікалай Аўтуховіч і дом. Апавёў, што ў рамонце гаражоў і дому яму дапамаглі сябры — далі рады талакой. Адзіны «рамонт», якім ён яшчэ не задаволены, — гэта «рамонт» здароўя, пасаджанага ў турмах.

«Ня вельмі. Стаў заўважаць, што сэрца паколвае адчувальна. Патрэбная добрая рэабілітацыя, каб добра ўсё паглядзелі, бо ў нас тут глядзяць, вачыма лыпаюць, а карысьці ніякай няма. За мяжу палячыцца не пускаюць — пад наглядам. Здымуць з нагляду толькі ў жніўні».

——————————-•

8 траўня вызваліўся зь віцебскай калёніі Андрэй Гайдукоў. Па вызваленьні ён апавёў, што яго справакавалі беларускія спэцслужбы, а насамрэч ніякіх кантактаў з замежнай выведкай ён ня меў і не спрабаваў гэтыя кантакты наладзіць. У сьнежні Андрэя Гайдукова двойчы арыштоўвалі на суткі за распаўсюд улётак у Полацку. Андрэй працягвае актыўнае грамадзка-палітычнае жыцьцё.

——————————-•

21 чэрвеня выйшаў на свабоду праваабаронца Алесь Бяляцкі. Радыё Свабода сустрэла яго ў электрычцы з Бабруйску, а ў сталіцы чакалі сябры й паплечнікі.

——————————-•

5 сьнежня выйшаў на волю з калёніі ў Горках актывіст Васіль Парфянкоў. Пра год у вязьніцы ён згадаў, што для яго гэта быў час вялікіх хваляваньняў за лёс Беларусі ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне, за якімі ён уважліва сачыў празь недзяржаўныя газэты. Запомнілася заява Васіля адносна абароны айчыны, якую ён зрабіў на чыгуначным вакзале ў Воршы:

«Я нацыяналіст да мозгу касьцей, але я нацыяналіст у лепшым сэнсе гэтага слова. То бок, я не хачу вайны, не хачу крыві, каб гэта адбывалася, як ва Ўкраіне. Але калі да гэтага дойдзе — давядзецца браць зброю і размаўляць зь імі іхнымі мэтадамі», — сказаў Васіль Парфянкоў.

——————————-•

18 сьнежня, за дзень да чатырохгодзьдзя падзеяў на Плошчы, выйшаў на волю маладафронтавец Эдуард Лобаў. Яго, як і іншых палітвязьняў у 2014 годзе, ня выпусьцілі датэрмінова і не памілавалі, а проста скончыўся тэрмін ягонага зьняволеньня. Як падчас размовы каля брамы івацэвіцкай калёніі, дзе Лобаў адбыў дакладна 4 гады нібыта за бойку зь мінакамі, гэтак і на прэсавай канфэрэнцыі на наступны дзень у сядзібе БНФ Эдуард Лобаў зьдзівіў нешматслоўнасьцю, але і дакладнасьцю фармулёвак. А яшчэ тым, што ні ад чаго не адмовіўся ў сваіх палітычных поглядах.

Вось што Лобаў згадаў пра спробы схіліць яго да напісаньня прашэньня аб памілаваньні:

«Спрабавалі ўгаварыць, а ў апошні раз там прысутнічаў нейкі чалавек ня з нашай калёніі, і мне сказалі, што ёсьць такая магчымасьць. Альбо пішаш такую паперу, альбо будзеш сядзець да канца. Але я адмовіўся. Не магу прасіць аб памілаваньні за тое, чаго не рабіў. А па-другое, гэтая ўлада для мяне застаецца варожай. Было б незразумела, калі б я гэта зрабіў».

——————————-•

Але ў 2014 годзе сьпіс палітвязьняў ня толькі памяншаўся. Прыканцы восені атрымаў 2 гады «хіміі» нібыта за зьнявагу судзьдзі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, вядомы публічным нашэньнем майкі з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!» Менавіта з-за гэтай майкі Рубцова затрымалі пасьля Чарнобыльскага шляху і прывялі распранутага да судзьдзі Савецкага раённага суду Палулеха, які ўсё ж пачаў працэс. Пасьля гэтага і адбыўся інцыдэнт, які стаў прычынай «хіміі» Юрыя Рубцова.

22 сьнежня Юры Рубцоў прыбыў на месца адбыцьця пакараньня — у камэндатуру вёскі Куплін Пружанскага раёну, тую самую, дзе 3 гады адбыў пасьля Плошчы Павал Севярынец. Але і там Рубцоў працягвае стаяць на сваіх прынцыпах.

«Кожны раз, каб выйсьці з камэндатуры, я мушу пісаць заяўку. Але я сказаў, што ніводнай паперы я для прадстаўнікоў сілавых структураў падпісваць ня буду. Як яны будуць выходзіць з гэтага становішча, ня ведаю. Але пакуль колькі яны папераў на мяне ні складалі, я ніводнай не падпісаў. На знак пратэсту, што я быў асуджаны незаконна, бо суд не адпавядае Канстытуцыі, а менавіта — прынцыпу незалежнасьці судовай улады», — кажа Юры Рубцоў.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода