Палітвязьня Мікалая Дзядка пакаралі карцэрам за адзеньне
Мікалай Дзядок адбыў 20 дзён ў карцэры за тое, што нібыта быў не па форме апрануты. Пра гэта жонцы палітвязьня Валерыі стала вядома з ягонага апошняга ліста.
«Адбыў 20 дзён у карцэры і адразу, як выйшаў, адправіў мне паштоўку — у нас 14 верасьня была гадавіна шлюбу, дык прабачаўся, што спазьніўся на дзень, бо толькі на наступны дзень выпусьцілі з карцэру. Паводле ягоных зьвестак, пакаралі зноў, як і Статкевіча, за недакладную форму адзеньня. Не па форме быў апрануты, як кажуць. І пасьля гэтага быў у яго адвакат, Сказаў, што выглядае ня вельмі, ўсё ж 20 дзён ў холадзе і без сьвятла, блёкла выглядае. Але, сказаў, прызвычаіўся. Час ляціць хутка. Ўлетку яго перавялі ў большую камэру, якая на 10 чалавек, а сядзіць там 6 вязьняў. Дык сказаў, што пакуль з кожным пагутарыш, дык і дзень прайшоў».
Тэрмін Мікалая Дзядка заканчваецца у пачатку сакавіка 2015 году. Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны Мікалай Дзядок не прызнае і адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Трымаюць палітвязьня з магілёўскай крытай турме.